Колькасьць удзельнікаў пераўзышла прагнозы. Апазыцыя захавала свой мабілізацыйны патэнцыял зь мінулага году. Варта адзначыць, што ў 1995, 1997, 2002, 2005 гадах ён істотна зьніжаўся, а цяпер праз год пасьля выбараў застаўся нязьменны.
Істотную частку мітынгоўцаў складалі людзі з рэгіёнаў. Істотная частка людзей з калёнаў, расьсечаных спэцназам каля Палацу Спорту на Машэрава, каля КДБ на праспэкце Скарыны і на Багдановіча, такі далучылася да асноўнай калёны мітынгоўцаў, г.зн. яны былі гатовыя да больш упартага і даўжэйшага пратэсту. І да арыштаў. Яны ўжо не баяцца прысутнасьці міліцыянтаў.
Маніфэстацыя на Дзень Волі ўвайшла ў традыцыю. Менавіта на гэты дзень найлягчэй мабілізуюцца актывісты.
Тактыка ўладаў была нязьменнай зь мінулага году: ніякіх афіцыйных кампрамісаў, запалохваньні праз мэдыі, дэманстрацыю сілы, павелічэньне колькасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў, задзейнічаных у апэрацыі. Прэвэнтыўныя затрыманьні актыву апазыцыі сталі практыкай.
Сілы аховы правапарадку амаль не затрымлівалі людзей у часе падзеяў. Улады, імаверна, ставілі перад сабой задачу любой цаной унікнуць тэлегенічных сцэнаў разгону ці арыштаў. І яны выканалі пастаўленую задачу.
Навіною была арганізацыя альтэрнатыўных канцэртаў каля Бібліятэкі і ў Аэрапорце. Акцыя мела посьпех: імпрэзы сабралі некалькі дзясяткаў тысяч гледачоў.
Мітынг апазыцыі быў звычайны: з доўгімі прамовамі ня дужа гучных аратараў ад кожнай партыі і арганізацыі. Людзі звычна пачалі разыходзіцца з пачаткам мітынгу.
Затое ў мітынгу быў прыгожы апошні акорд. Каб абараніць Мілінкевіча ад правакацый, людзі жывым калідорам праводзілі яго з жонкай да плошчы Якуба Коласа, дзе яго чакала машына.
Іншыя скіраваліся да Нацыянальнай бібліятэкі, рызыкуючы трапіць пад арышт.
Сёлетнюю маніфэстацыю вылучаў дух ахвярнасьці і аптымізму. Гэта чымсьці нагадвала 1996 год.