Галоўны трэнер жаночай зборнай Беларусі па велатрэку Станіслаў Салаўёў раскрытыкаваў адміністрацыю велатрэка комплексу «Мінск-Арэна», дзе каманда будзе рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў.

«Падрыхтоўка да Гульняў быццам бы ідзе як трэба. Праўда, з боку адміністрацыі велатрэка хацелася б лепшага. Трэк брудны, пылу шмат, холадна, спартсмены хварэюць. Я прашу, каб за месяц перад Алімпіядай нікога, акрамя нас, не было тут.

Іншыя спартсмены плююць, харкаюць на трэк, шкло, усё гэта выпараецца, у паветры лятае, а гэта бацылы, мікробы, так што захварэць могуць нашы спартсменкі на пустым месцы», — заявіў Салаўёў.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі Салаўёў выступае ў СМІ з прэтэнзіямі ў адрас адміністрацыі велатрэка. Да прыкладу, восенню 2011 года ў прэсе паміж ім і дырэктарам веладрома Галінай Забур’янавай разгарнулася вострая палеміка з узаемнымі абвінавачаннямі.

У той жа час лідар беларускай зборнай Таццяна Шаракова заявіла, што ўмовы для працы на веладроме «Мінск-Арэны» добрыя.

Што датычыць непасрэдна Алімпіяды, то Салаўёў не захацеў даваць прагнозы і адмовіўся абмяркоўваць медалёвыя задачы, пастаўленыя Міністэрствам спорту і турызму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?