Бундэсканцлер Нямеччыны і Прэзыдэнт Рады Эўразьвязу Ангела Мэркель патэлефанавала сёньня ў Менск Аляксандру Мілінкевічу і пацікавілася тым, як праходзіць Дзень Волі ў Беларусі.

Сёньня ж у часе прамовы ў Бэрліне, прысьвечанай 50‑й гадавіне Эўрапейскага Зьвязу, Ангела Мэркель згадала пра Беларусь і падкрэсьліла, што ў гэты дзень Эўропа выказвае салідарнасьць зь беларусамі.

Кіроўная партыя Бундэстагу Хрысьціянска‑дэмакратычны саюз афіцыйна накіравала на Дзень Волі ў Менск свайго сябра дэпутата Арнальда Фаатца.

У інтэрвію «Свабодзе» спадар Фаатц заявіў: «Тое, пра што гаварыла спадарыня Мэркель, было ажыцьцёўлена сёньня на практыцы ў Менску. Разам з дэманстрантамі на акцыі былі практычна ўсе амбасадары Эўразьвязу, а таксама восем эўрапарлямэнтароў з Польшчы, Славаччыны, Нямеччыны. Усе яны прадэманстравалі, што Эўропа клапоціцца пра грамадзянскую супольнасьць у Беларусі й што гэтая грамадзянская супольнасьць у краіне мацнее».

На пытаньне, наколькі ўлічылі беларускія ўлады той заклік, зь якім напярэдадні зьвярнулася да іх прэзыдэнцтва Эўразьвязу, — не перашкаджаць беларускім грамадзянам у рэалізацыі права ладзіць мірныя сходы — спадар Фаатц адказаў:

«У параўнаньні з тым, што адбывалася летась, сёньняшняя акцыя прайшла больш мірна. Аднак далёка ня ўсё ўлічылі з таго, да чаго мы заклікалі беларускае кіраўніцтва напярэдадні. Нашыя пажаданьні ў гэтым сэнсе не апраўдаліся. Ёсьць рэчы проста непрымальныя з гледзішча дэмакратычных стандартаў.

Напрыклад, прадстаўнікі ўладаў з дапамогай сваіх мэгафонаў пастаянна абрывалі прамовы дэманстрантаў, перашкаджалі ім гаварыць. Міліцыянты часам гвалтоўна выціскалі людзей з плошчы. Калі беларускае кіраўніцтва хоча рухацца ў бок Эўропы, яно мусіць перагледзець паліцэйскія традыцыі, якія існуюць у Беларусі. Усе дванаццаць патрабаваньняў, якія выстаўленыя Эўразьвязам да афіцыйнага Менску, застаюцца ў сіле».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?