Упершыню спаборніцтва такога ўзроўню праходзіць настолькі блізка ад Беларусі. Нават візаў не трэба афармляць у душных чэргах, каб трапіць на паўфінал ці фінал.

Першынство пройдзе за плотам, так бы мовіць. Ёсць магчымасць паглядзець, падыхаць разам з суседзямі непаўторнай атмасферай Еўра. Але ўсё адно застаецца нейкая драбнічка расчаравання. Бо не з намі дамаўляліся суседзі, не нашы палі будуць таптаць Хаві і Швайнштайгер.

Ясна, няма стадыёнаў. Але да таго ж хакейнага першынства змаглі ўзвесці шыкоўныя лядовыя арэны. І невядома, ці адаб’юцца ўкладанні ў хакейныя спаборніцтвы. Футбол бы акупіўся, тут сумневаў няма.

Другое расчараванне крыху традыцыйнае. Нашых футбалістаў на Еўра зноў не будзе. Дарогу нам перагарадзіла Францыя. Беларусы будуць глядзець праз плот на гульні прафесіяналаў, толькі марачы апынуцца на іх месцах.

Канечне, можна проста насалоджвацца добрай гульнёй, але сімпатызаваць некаму, перажываць усё ж цікавей. Палітвязень Павел Севярынец кажа, што будзе сачыць за выступамі палякаў. Ім у групу трапілі расейцы. Цікавая гульня мае быць, прычым з розных кантэкстаў.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька прызнаецца, што ягоныя фаварыты — Іспанія і Нідэрланды. Гэтыя зборныя гулялі ў фінале апошняга мундыяля. Васьміног Паўль прадказаў перамогу пірынейцам — і не памыліўся.

Іспанцы валодаюць на сёння тытуламі як чэмпіёна Еўропы, так і свету.

Тры найвышэйшыя трафеі запар пакуль ніхто з еўрапейскіх зборных не заваёўваў.
Хаця ўсе рэкорды некалі руйнуюцца.

Іспанцы — фаварыты ў букмекераў, хаця на пяткі ім наступаюць немцы. Амбітныя хлопцы Яхіма Лева ніяк не могуць дацягнуцца да «золата» на топ-спаборніцтвах. Адна з апошніх магчымасцей для некаторых прадстаўнікоў «нямецкага інтэрнацыяналу».

Украінцам не пашанцавала з лёсаваннем. Выхад з групы, дзе ёсць Францыя і Англія, ужо можна будзе лічыць за маленькі подзвіг. Але ж вядома, што ў многіх футбалістаў пры родных трыбунах за спінамі вырастаюць крылы.

Некалі спартыўны журналіст Сяргей Новікаў напісаў, што першынствы Еўропы можна параўнаць з «Тыднямі высокай моды ў Парыжы»: безгустоўнасць і другаснасць выключаныя. Выпадковых каманд тут не будзе.

Украінцам і палякам можна толькі пазайздросціць. Зрэшты, і з нашага плота відовішча будзе захапляльным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?