Зусім хутка пачнецца чарговы чампіянат Еўропы па футболе, які гэтым разам пройдзе ў Польшчы і Ўкраіне.

Аўтарытэтны нямецкі часопіс Spiegel некалькі нумароў запар разважаў на тэму, ці не варта было б байкатаваць чампіянат з-за парушэнняў правоў чалавека ва Ўкраіне. У кожным ці амаль кожным выпуску — па вялікім артыкуле пра развіццё сітуацыі з Юліяй Тымашэнка, пра клан прэзідэнта Януковыча, пра Femen.

Дабраліся, уласна, і да зборнай Нямеччыны па футболе. У інтэрвію ў адным з травеньскіх нумароў капітан нацыянальнай каманды Філіп Лям наступным чынам адказаў на пытанне журналіста пра тое, ці пацісне ён руку прэзыдэнту Януковычу, калі раптам той выйдзе на поле: «Над гэтым мне трэба было б моцна падумаць.

Мае погляды на дэмакратыю і правы чалавека, на такія пытанні, як свабода слова ці асабістая свабода, не адлюстроўваюцца ў сённяшняй сітуацыі ва Ўкраіне.
Калі я бачу, як абыходзяцца з Юліяй Тымашэнка, гэта ніяк не спалучаецца з маімі ўяўленнямі пра дэмакратыю».

І гэта яны пра Ўкраіну, з яе свабоднай прэсай, апазіцыяй у парламенце, амаль дзясяткам канкурэнтных выбараў, праведзеных за апошнія два дзесяцігоддзя, і Аранжавай рэвалюцыяй.

На пытанне, ці можна аддзяліць спорт ад палітыкі, футбаліст адказаў: «Гэтыя рэчы ўзаемазвязаныя, іх не раздзяліць.

Мы, гульцы нацыянальнай зборнай, прадстаўляем Нямеччыну, і мы выступаем за дэмакратычнае грамадства, за такія каштоўнасці, як сумленнасць і цярпімасць, за інтэграцыю».

Як тут не задумацца пра 2014 год і чампіянат свету па хакеі ў Беларусі.

Чампіянат па хакеі 2014 года для Лукашэнкі — гэта тое ж самае, што Алімпійскія гульні 1980 году ў Маскве для КПСС ці Алімпійскія гульні 1936 году ў Берліне для Гітлера:
дэманстрацыя свайму насельніцтву, замежнікам, і галоўнае — самому сабе сваёй велічы і сваёй перавагі над прагнілымі ворагамі. Ён мае стацца асабістым палітычна-прапагандысцкім мерапрыемствам для задавальнення ўласнага самалюбства тырана-аматара хакею.

Гэта азначае, што

беларуская апазіцыя у адказ абавязаная выкарыстаць чампіянат для беспрэцэдэнтнай кампаніі інфармацыйнага ціску на дыктатарскі рэжым і для пашырэння інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі ў свеце.

З аднаго боку, было б, канечне, даволі эфектна, калі б Лукашэнка быў гучна і прылюдна пазбаўлены гэтага ягонага персанальнага свята і "падарунка самому сабе". Але падаецца, што нашмат большы прастор для прыцягнення ўвагі да праблемаў з правамі чалавека і законнасцю ў Беларусі дае менавіта правядзенне чампіяната, а не яго адмена.

Чым бліжэй чампіянат, тым больш будзе сам па сабе нарастаць інтарэс да беларускай тэмы. Трэба проста сядлаць гэтую хвалю, выкарыстоўваць інфармацыйную нагоду.

Вядучыя хакейныя зборныя маглі б абвесціць байкот чампіянату-2014, як у 1980 годзе краіны Захада байкатавалі Алімпійскія гульні ў Маскве з-за ўводу войскаў у Аўганістан. І гэта было б добра.

А можна абысціся і без байкоту:

эфект будзе куды мацней, калі хакеісты зборнай Чэхіі ці ЗША выйдуць на лёд з бел-чырвона-белымі стужкамі і будуць раздаваць інтэрвію кшталту таго, якое даў Філіп Лям часопісу Spiegel
.

І калі Лукашэнка ўсё яшчэ будзе прэзідэнтам Беларусі ў 2014 годзе, тады чампіянат па хакею можа для яго ператварыцца з «трыюмфу волі» ў кашмарны сон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?