Ва ўпраўленні Следчага камітэта Беларусі па Мінску завершана расследаванне справы па частцы 3 артыкула 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры службовай асобай за спрыяльнае вырашэнне пытання, якое ўваходзіць выключна ў яго кампетэнцыю) у дачыненні да былога генеральнага дырэктара аднаго з ААТ, што ўваходзяць у сістэму Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Крымінальная справа ў дачыненні да экс-кіраўніка кампаніі была распачата ў лютым 2012 года.
Матэрыялы расследавання перададзеныя пракурору для накіравання ў суд. Пра гэта БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Якое менавіта прадпрыемства ўзначальваў абвінавачваны, Аляксандр Герасімаў не назваў. Аднак, паводле звестак БелаПАН,

гаворка ідзе пра ААТ «Агат-электрамеханічны завод».
Аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да былога гендырэктара было паведамлена ў пачатку сакавіка. Цяпер абвінавачваны гатовы пакрыць увесь урон, каб пазбегнуць крымінальнай адказнасці.

Паводле слоў Аляксандра Герасімава, следствам устаноўлена, што прадметам злачыннай здзелкі стаў дарожны каток, які лічыўся на балансе асноўных сродкаў дзяржпрадпрыемства, не эксплуатаваўся больш за 10 гадоў і быў часткова раскамплектаваны. Паводле ацэнкі экспертнай камісіі, праведзенай у верасні 2011 года, рыначны кошт тэхнікі склаў 13 мільёнаў 798 тысяч 800 рублёў. Гендырэктар у сілу сваіх паўнамоцтваў меў права на адчужэнне маёмасці з выкананнем усіх неабходных працэдур. Пры гэтым указаная сума павінна была паступіць на рахунак прадпрыемства. Аднак ён даручыў аднаму са сваіх падначаленых знайсці пакупніка на каток, гатовага заплаціць больш за афіцыйную цану, каб розніцу, нідзе не дэкларуючы, можна было ў выглядзе наяўных грошай прысвоіць.

У студзені 2012 года пакупнік быў знойдзены. Ім стаў прадстаўнік прыватнага ўнітарнага прадпрыемства, гатовы заплаціць за тэхніку суму, эквівалентную 8 тысячам долараў. Ён пагадзіўся на здзелку на прапанаваных умовах. Працэдура ажыццяўлення куплі-продажу адбылася ў лютым, калі была падрыхтаваная ўся неабходная дакументацыя і праведзены ўзгадненні з упаўнаважанымі на гэта службовымі асобамі. Афіцыйна на рахунак ААТ паступілі згаданыя амаль 14 мільёнаў рублёў, а розніца — 6.300 долараў — была перададзеная пакупніком праз пасрэдніка гендырэктару. Адразу пасля атрымання хабару падазроны быў затрыманы, у прысутнасці панятых грошы і дакументы, якія пацвярджаюць афіцыйнае пагадненне, выяўленыя і канфіскаваныя.

Ва ўпраўленні СК па Мінску звяртаюць таксама ўвагу на тое, што падчас ажыццяўлення акту куплі-продажу дарожнага катка былі дапушчаныя яшчэ некалькі парушэнняў, што знаходзяцца ў выключнай кампетэнцыі гендырэктара. У прыватнасці, на прадпрыемстве не была створаная камісія па адчужэнні маёмасці, якая адносіцца да асноўных сродкаў, а таксама былі перавышаныя законныя тэрміны рэалізацыі гэтай маёмасці (замест трох дазволеных месяцаў з даты экспертнай ацэнкі прайшло пяць месяцаў).

Абвінавачваны ўтрымліваецца пад вартай.

Максімальным пакараннем, прадугледжаным ч. 3 арт. 430 КК, з’яўляецца пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?