«Адвакаты ў Беларусі поўнасцю незалежныя», — заявіў БелаПАН старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц, каментуючы сітуацыю вакол інцыдэнту з Марынай Кавалеўскай.

6 чэрвеня адвакат Кавалеўская, якая абараняла экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не змагла выехаць у Літву. Пагранічнікі не проста забаранілі ёй перасякаць мяжу, але і паставілі ў пашпарт штамп пра забарону на выезд з краіны.

7 чэрвеня ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства Кавалеўскай паведамілі, што выезд ёй забаронены з-за «ўхілення ад мерапрыемстваў па прызыве на воінскую службу». Кавалеўская, якая не з’яўляецца ваеннаабавязанай, звязалася з Міністэрствам абароны, дзе ёй паведамілі, што міністэрства не выходзіла з ініцыятывай аб уключэнні яе ў спіс невыязных.

Марына Кавалеўская звязвае гэту забарону са сваёй прафесійнай дзейнасцю і лічыць, што яна «закранае гонар беларускай адвакатуры ў цэлым». Адвакат Саннікава накіравала старшыням Мінскай гарадской і Рэспубліканскай калегій адвакатаў службовыя запіскі з патрабаваннем адрэагаваць на сітуацыю, забяспечыць ёй бесперашкоднае перамяшчэнне і спрыяць выключэнню яе са спісу невыязных.

Як заявіў Віктар Чайчыц, Рэспубліканская калегія адвакатаў ужо разбіраецца з гэтым інцыдэнтам і будзе рэагаваць на яго пасля таго, як высветліць прычыну. «Як доўга гэта працягнецца, я сказаць не магу», — сказаў кіраўнік калегіі.

Чайчыц таксама пракаментаваў сённяшні зварот «Цэнтра прававой трансфармацыі» да спецдакладчыка ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэлы Кнаўль з просьбай правесці спецыяльнае расследаванне па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў і наведаць Мінск.

Кіраўнік Рэспубліканскай калегіі адвакатаў заявіў, што «прыватны выпадак» з Марынай Кавалеўскай «у любым выпадку не ставіць пад сумненне» незалежнасць беларускай адвакатуры.
«Я не бачу ніякай неабходнасці ў тым, што нам павінен хтосьці дапамагаць», — сказаў Чайчыц.

У Мінскай гарадской калегіі адвакатаў сітуацыю з Марынай Кавалеўскай БелаПАН каментаваць адмовіліся.

Варта адзначыць, што ў 2011–2012 гадах адвакацкай ліцэнзіі былі пазбаўленыя многія адвакаты, якія абаранялі фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. Міжнародная супольнасць неаднаразова рэагавала на факты націску на беларускіх адвакатаў. Так, Камітэт міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заяўляў: «Націск на адвакатаў не толькі азначае замах на незалежнасць адвакатуры, але і выклікае сур’ёзныя апасенні наконт узроўню абароненасці абвінавачаных і падазроных ад катаванняў, жорсткага і зневажальнага абыходжання і пакарання, якое прыніжае чалавечую годнасць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?