Аўтар відэа пра міліцыянта-безбілетніка Раман Гарадзінскі распавёў, што 7 чэрвеня яго выклікалі для давання паказанняў у Фрунзенскі РУУС.

Раман распавёў, што зрабіў сваё відэа ў аўтобусе № 138 у Мінску раніцай 7 чэрвеня.

«Спачатку ўсё было нармальна.

Потым, калі пайшла грубасць, я ўжо проста дзеля спартовага інтарэсу ўключыў камеру на тэлефоне і пачаў здымаць для сябе.
Потым мой сябар кажа: давай выкладзем у інтэрнэт.
І ўвесь аўтобус крычаў: „Выкладзіце гэта ў інтэрнэт, няхай паглядзяць“.
Той жа самы кантралёр папрасіў выкласці ў інтэрнэт. Я выйшаў на прыпынку ля станцыі метро „Каменная горка“, і гэты старшына таксама выйшаў.
Ён да мяне пачаў падыходзіць, а я кажу: „Старшына, вось ты ганьбіш форму. 98 тысяч каштуе праязны на тры віды транспарту. Гонар мундзіра каштуе значна даражэй“.
Я яго абсек на паўслове і пайшоў далей у метро».

Аўтар відэа Раман Гарадзінскі лічыць, што старшына мог пазбегнуць непрыемнага фіналу:

«Тут, разумееце, сутыкнуліся лбамі дзве структуры, як гэта звычайна ў нас адбываецца. І ў таго ўлада, і ў таго ўлада. І ніхто нічога зрабіць не можа.
Калі б гэты старшына не пачаў бычыцца, а проста на вушка сказаў бы гэтаму кантралёру: „Прабач, брат, ля-ля тапаля“, усё прайшло б гладка
. А ён проста пачаў грубіць кантралёру. І ўсе пасажыры азірнуліся. Я тады дастаў мабільнік і пачаў здымаць. Публіка рэагавала „за“ кантралёра і супраць міліцыянта, бо ён грубіў.
Абураліся пасажыры, што міліцыя сама вось ездзіць зайцам, і кантралёр казаў: „Вось як мне быць, на вас міліцыю выклікаць? Бо мы выклікаем міліцыю ў такіх выпадках. Давайце ваш дакумент альбо плаціце штраф“. Міліцыянт пачаў выбягаць з аўтобуса. А кантралёр паспрабаваў яго затрымаць і схапіў за шапку, а міліцыянт пачаў вырываць шапку з рук кантралёра. І тут ужо пайшла счэпка ў іх».

Раман Гарадзінскі не чакаў, што ад ягонага відэа будзе такі рэзананс на ўсю краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?