Некаторым удзельнікам міжнароднай канферэнцыі Партыі еўрапейскіх левых (ПЕЛ) «Дэмакратыя і эканамічны крызіс» адмоўлена ў беларускіх візах, паведамляе БелаПАН. Канферэнцыя адбывалася ў Мінску 9–10 чэрвеня.

Як паведаміў на прэсавай канферэнцыі па выніках форуму лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, візавыя службы Беларусі адмовілі ва ўязных візах Іржы Худзерчыку з Чэхіі, а таксама Сяргею Юргенсу і Уладзіміру Кручыніну з Эстоніі. Праблемы з атрыманнем візы меў таксама прадстаўнік партыі «Адзіны спіс» (Данія), доктар паліталогіі Уладзімір Карлсэн, якому ўсё ж удалося дабрацца да Мінска.

Такія дзеянні ўладаў Сяргей Калякін расцэньвае як спробу сарваць правядзеньне міжнароднай канферэнцыі ў Мінску.

Паводле Калякіна, арганізатары «баяліся, што ў сувязі з адмовай у выдачы візаў выканкам ПЕЛ прыме рашэнне аб нямэтазгоднасці правядзення канферэнцыі ў Мінску».

«Але, наадварот, у гэтай сітуацыі ПЕЛ вырашыла актывізаваць і пашыраць магчымасці правядзення мерапрыемстваў тут, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў. Улады сваімі мерамі саслужылі сабе дрэнную службу, а для нас зрабілі паблісіці ў многіх еўрапейскіх краінах. У Еўропе лічылі Лукашэнку з яго рыторыкай ледзь не сацыялістам, а гэтыя дзеянні проста выкрылі яго самога», — мяркуе Сяргей Калякін.

* * *

Партыя еўрапейскіх левых (ПЕЛ) створаная ў ліпені 1998 г. сацыялістычнымі, камуністычнымі, левымі і зялёнымі партыямі Еўропы. Яе галоўная мэта — стварэнне адзінай сацыяльнай, дэмакратычнай, мірнай, салідарнай і экалагічна абароненай Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?