Для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставанні (ЦТ) 2012 года зарэгістраваліся 141 тыс. 555 абітурыентаў. Пра гэта паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч 11 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, гэта на 8 тыс. 620 чалавек менш у параўнанні з 2011 годам. Не ўсе зарэгістраваныя на ЦТ будуць удзельнічаць ва ўступнай кампаніі. Абмежаванняў па здачы іспытаў у ЦТ у Беларусі няма, таму часта ў іх удзельнічаюць старшакласнікі, якія яшчэ не маюць атэстата аб сярэдняй адукацыі, а таксама іншыя грамадзяне, якім цікава ацаніць свае веды па прадметах тэставання, адзначыў міністр.

Найбольшая колькасць абітурыентаў зарэгістравалася на іспыты ЦТ па расійскай мове (95 тыс. 896 чалавек) і матэматыцы (95 тыс. 161).
На здачу іспытаў па беларускай мове зарэгістравалася 45 тыс. 199 чалавек; па фізіцы — 44 тыс. 119; біялогіі — 28 тыс. 636; англійскай мове — 27 тыс. 981; гісторыі Беларусі — 21 тыс. 653; хіміі — 16 тыс. 687 чалавек.

З ліку зарэгістраваных на ЦТ прыкладна 30% плануюць прайсці тэставанне ў Мінску, астатнія — у рэгіёнах па месцы жыхарства.

Міністр нагадаў, што ў адпаведнасці з зацверджаным графікам ЦТ пройдзе з 13 па 27 чэрвеня. Першым іспытам традыцыйна стане беларуская мова.
Датай рэзервовага дня для правядзення ЦТ вызначана 4 ліпеня, у гэты дзень іспыты будуць арганізаваныя ў БДУ.

Маскевіч паведаміў, што сёлета прафесійна-псіхалагічную гутарку, неабходную для паступлення на 10 спецыяльнасцяў з «асаблівымі патрабаваннямі», прайшлі 10,4 тыс. абітурыентаў. Гэта на 3 тыс. менш, чым у 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?