Бюлетэні для людзей са слабым зрокам распрацуюць да парламенцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Жанна Рамановіч 11 чэрвеня на аператыўнай нарадзе ў мэрыі.

«2012 год — год выбараў у Нацыянальны сход Беларусі. Па ініцыятыве грамадскага аб’яднання „Белая Русь“ будуць распрацоўвацца бюлетэні для людзей са слабым зрокам, каб яны змаглі наведаць выбарчыя ўчасткі», — сказала Жанна Рамановіч.

Людзям з абмежаванымі магчымасцямі неабходна забяспечыць роўныя выбарчыя правы. Звяртаючыся да кіраўнікоў адміністрацый раёнаў горада, кіраўнік профільнага камітэта мэрыі заклікала ўдзяліць увагу пытанням забяспечання ўдзелу ў выбарах і інвалідаў-калясачнікаў. «Інваліды-калясачнікі таксама павінныя ў поўнай меры выкарыстоўваць сваё права выбаршчыкаў і мець доступ да ўчасткаў для галасавання ў перыяд выбарчай кампаніі», — упэўненая Жанна Рамановіч.

Яна адзначыла, што ў Мінску пражывае 11,4 тыс. інвалідаў. 2,6 тыс. чалавек з’яўляюцца інвалідамі-калясачнікамі, з іх 813 чалавек вядуць актыўны лад жыцця. У сталіцы рэалізуецца гарадская праграма па стварэнні камфортнага асяроддзя жыццядзейнасці для інвалідаў і іншых фізічна аслабленых людзей. Рашэннем гарвыканкама зацверджаны план тэхнічных дзеянняў па стварэнні безбар’ернага асяроддзя ў горадзе, што ўключае адпаведныя работы на 253 аб’ектах. На гэты час безбар’ернае асяроддзе створанае на 174 аб’ектах, 79 аб’ектаў знаходзяцца ў стадыі выканання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?