Відавочцы расказалі пра апошнія секунды Су-25 пад Навагрудкам.
Жыхары Карэліч расказалі «НН» пра тое, як сталі відавочцамі катастрофы вайсковага самалёта Су-25 у Навагрудскім раёне. Яны вярталіся з Гродна з камандзіроўкі. Звярнулі ўвагу на вайсковы самалёт, які, як ім падалося, ляцеў занадта нізка.
«Ён ляцеў вельмі нізка. Над самай зямлёй, а потым знік. І тады моцна грымнула. Гук быў моцны, хоць да месца падзення ад дарогі было даволі далёка».Потым ім насустрач адна за адной паехалі машыны міліцыі і МНС.
У Пятрэвіцкім сельсавеце карэспандэнту «НН» расказалі, што ў вёсцы Навіны, у 2 кіламетрах ад якой упаў самалёт, на сёння жыве каля 100 чалавек. «Па мерках сельсавета гэта сярэдняя вёска. Там няма школы, клуб зачынілі. Ёсць толькі амбулаторыя на 5 ложкаў».
Нагадаем, што авіякатастрофе 12 чэрвеня загінуў лётчык 1-га класа падпалкоўнік Грыднеў Мікалай Генадзевіч 1975 г.н., выпускнік Тамбоўскай вышэйшай вайсковай авіяцыйнай вучэльні (1997). У яго засталася жонка і двое дзяцей.
Гэта восьмая катастрофа ў гісторыі вайсковай авіяцыі незалежнай Беларусі.
Глядзі яшчэ Эксперт: Авіякатастрофы пачасціліся з-за старэння лётнага парка
Каментары