Кветкі, прэса, чарга за аўтографамі, усхваляваныя дзяўчаты… У Музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя новага паэтычнага зборніка Леаніда Дранько-Майсюка.

Як прызнаўся паэт, спачатку ён не хацеў рабіць прэзентацыю, але ягоны сябар Эдуард Акулін змог пераўпэніць аргументам: «Як гэта не рабіць? А сустрэцца са сваімі?»
«Сваіх» аказалася многа — прэзентацыя была шматлюднай і пазытыўнай.

Так, старшыня незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч назваў сп. Леаніда «заслужаным дзеяслоўцам» (у знак удзячнасці Дранько-Майсюк злёту назваў напамяць падпісны індэкс «Дзяслова» — 74813, і заклікаў прысутных падпісацца на часопіс), Алесь Пашкевіч — «найвытанчаным эстэтам», а Валянцін Акудовіч — «глыбокім мысляром». Выдавец прэзентаванай кнігі Генадзь Вінярскі парадаваў прысутных паведамленнем, што выданне, як і іншыя кнігазбораўскія, будзе распаўсюджвацца не толькі ў Мінску, але і ў кнігарнях па ўсёй краіне. Гучала шмат жартаў, вершаў і ўспамінаў.

Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан выступіў на прэзентацыі як перакладчык на шведскую мову апавядання Дранько-Майсюка «Анёлак і я» (ягоная прамова на бездакорнай беларускай мове, як заўсёды, выклікала асабліва моцныя воплескі).

Доктар і паэт Фелікс Баторын успамінаў, якое ўздзеянне аказвала на пацыентак з’яўленне ў бальніцы Дранько-Майсюка,
а Міхась Скобла прачытаў сябру верш пра ягоны родны Давід-Гарадок. Уладзімір Някляеў расказаў, што можа пазваніць сябру Леаніду, а 5-й раніцы, каб абмеркаваць верш ці падзяліцца думкай (
сп. Някляеву прыйшлося сысці з прэзентацыі раней — ён мусіць быць дома да 20-й вечара, і гэты сыход дадаў нотку горычы ў душэўную атмасферу імпрэзы).

Яшчэ адна нотка горычы прагучала ў фінальным выступе паэта, калі ён згадаў аб былых калегах і паплечніках, што з цягам часу адмовіліся ад беларушчыны… Відаць,

каб падсаладзіць тую горыч, на развітанне паэт прачытаў з кнігі верш «Каралева Бона любіла мёд» і пажадаў усім, каб нашае жыццё цякло мёдам.
Ягоныя б словы — ды Богу ў вушы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?