Тым не менш, беларускія аналогіі, якія тут будуць прасвечваць праз усе дзіркі майго аповеду, невыпадковыя. А кажучы наўпрост, яны сюды прыцягнутыя наўмысна. І ўсе тыя, хто кляйміў мяне ў недалёкім мінулым як прыхільніка «русіфікацыі» Беларусі, зноў атрымаюць зручную нагоду, каб закляйміць яшчэ раз.

Уніі, першая, другая і трэцяя

Нарвежцы страцілі сваю старажытную нарвежскую мову падчас гэтак званай персанальнай уніі з Даніяй (1536–1814). У гэтым дзяржаўным саюзе дамінавала Данія, як палітычна, так і культурна. Афіцыйнай мовай дацка-нарвежскага каралеўства была дацкая. Кароль і ўся адміністрацыйная ўлада размяшчаліся ў Капенгагене. З пачаткам дацка-нарвежскай палітычнай уніі была дэ факта ўведзеная і рэлігійная унія — пратэстантызм стаў афіцыйнай рэлігіяй каралеўства, а Нарвегія страціла сваю незалежную царкоўную структуру. Да ўсяго да таго, у выніку шматлікіх дацка-шведскіх войнаў Нарвегія страціла кучу сваіх правінцый на карысць Швецыі. Ну вось вам скандынаўская аналогія уніі ВКЛ з Польскай Каронай. І сваю мову страцілі, і царкву, і зямлю…

Унія Нарвегіі з Даніяй была другой па ліку скандынаўскай уніяй. Першая, званая Кальмарскай уніяй (1397–1523), была палітычным саюзам трох скандынаўскіх каралеўстваў, Даніі, Нарвегіі і Швецыі. Нарвегія і ў гэтай першай уніі не адыгрывала нейкай істотнай палітычнай ролі.

У эпоху рамантызму, пасля таго як Нарвегія выйшла з уніі з Даніяй і заключыла унію са Швецыяй, трэцюю па ліку ў сваёй гісторыі (1814–1905), нарвежскія рамантыкі назвалі палітычна-культурнае панаванне Даніі над Нарвегіяй (1397–1814) «400-гадовай ноччу».

Адна мова ў дзвюх формах

У шведска-нарвежскай уніі Нарвегія мела ўласную канстытуцыю. У той канстытуцыі было запісана, што нарвежцы маюць права паслугоўвацца сваёй мовай, то бок не шведскай. Праблема, аднак, была ў тым, што нарвежскай мовы, уласна кажучы, не існавала. Адукаваныя пласты грамадства карысталіся дацкай мовай. Праўда, сялянства ў гарах і над фіёрдамі гаварыла на сваіх дыялектах, але ўсе тыя дыялекты былі даволі ізаляваныя адзін ад аднаго і скрозь непісьмовыя.

Як ні дзіўна, старажытная нарвежская мова — мова нарвежскіх вікінгаў і скальдаў — пакінула сваю краіну ў сярэднявеччы і перабралася лодкамі на Ісландыю, дзе жыве і квітнее па сённяшні дзень пад назвай ісландскай.
А сама Нарвегія перайшла на дацкую падчас «400-гадовай ночы». Больш-менш у тым самым часе, як ВКЛ перайшло на польскую. Але чамусьці ніхто з беларускіх рамантыкаў не называе літоўска-польскай уніі ні ноччу, ні нават прыцемкамі…
У ХІХ стагоддзі нарвежскія пісьменнікі пачалі сваю дацкую мову асцярожна «нарвегізаваць».
«Нарвегізацыя» ішла двума шляхамі: а) пра змену правапісу дацкіх словаў, які пачалі шчыльней дапасоўваць да вымаўлення дацкай мовы адукаванымі нарвежцамі; б) праз замену некаторых дацкіх словаў іх мясцовымі, нарвежскімі эквівалентамі. Такім чынам узнік нарвежскі варыянт дацкай мовы («нарвежская трасянка»), які ў ХХ стагоддзі атрымаў афіцыйную назву bokmål (даслоўна: кніжная мова). Больш кансерватыўны варыянт «нарвежскай трасянкі» называецца riksmål (даслоўна: дзяржаўная мова). Знакавай постаццю ў гэтай тэндэнцыі тварэння асобнай нацыянальнай мовы нарвежцаў быў настаўнік Кнуд Кнудсэн (1812–1895).

Другі шлях вырашэння моўнага пытання ў Нарвегіі запрапанаваў Івар Осэн (1813–1896), выдатны філолаг і лексікограф. Дзясяткі два гадоў ён прысвяціў вывучэнню нарвежскіх вясковых дыялектаў і здолеў ухапіць «вышэйшы парадак» у фанетычна-марфалагічнай блытаніне «нарвежскага Палесся» на захадзе краіны, вылучыўшы супольную дыялектную базу, на аснове якой можна было стварыць літаратурную форму новай нарвежскай мовы. У лексікаграфіі Осэн быў прыхільнікам пурыстычнага прынцыпу і прапанаваў выключыць з літаратурнага стандарту ўсе тыя дацкія і нямецкія словы, калі хаця б у адным з мясцовых дыялектаў захаваліся іх адпаведнікі, якія можна было этымалагічна вывесці ад старажытнай нарвежскай мовы. Моўнае тварэнне Івара Осэна атрымала назву landsmål (даслоўна: краёвая мова).

Пад канец ХІХ стагоддзя нарвежскі парламент афіцыйна зацвердзіў riksmål і landsmål як дзве дапушчальныя формы нарвежскай мовы. І кожная школа атрымала права вырашаць, на якой з гэтых дзвюх моваў весці навучанне.

Пісьменнікі пісалі па-рознаму.

Генрык Ібсэн (1828–1906) пісаў свае п’есы на вельмі кансерватыўнай форме riksmål, якая мала чым адрознівалася ад дацкага літаратурнага стандарту. Другі нарвежскі геній, Кнут Гамсун (1859–1952), з цягам часу ўсё мацней «нарвегізаваў» свой riksmål, хоць да landsmål не дайшоў, бо і не імкнуўся дайсці. А трэці волат нарвежскай літаратуры, Тар’ей Вэсас (1897–1970), пісаў на вельмі кансерватыўнай (вузкадыялектнай) форме landsmål, то бок на ўласна нарвежскай мове, якая ў ХХ стагоддзі атрымала афіцыйную назву nynorsk (даслоўна: нованарвежская мова).

Марнае змаганне за агульную мову

Моўная дыхатамія ў Нарвегіі, якую ў ХІХ стагоддзі заклалі Кнудсэн і Осэн, праявілася напоўніцу ў палітычна-моўных баталіях ХХ стагоддзя.

У 1906 годзе ўзнікла арганізацыя, якая паставіла сабе за мэту прасоўванне landsmål. А ў 1907 прыхільнікі riksmål завязалі сваю арганізацыю. Гэтае шыхтаванне збеглася ў часе з увядзеннем патрабавання, каб усе кандыдаты ва ўніверсітэты здавалі экзамен таксама з другой нарвежскай мовы. То бок тыя, якія ў сярэдняй школе вучыліся на riksmål, мелі пісаць на ўступным экзамене твор на landsmål, і vice versa.

Палітыкі ў ХХ стагоддзі прапанавалі, як тады здавалася, разумную альтэрнатыву — давайце праз арфаграфічныя рэформы, якія ў ХІХ стагоддзі паспяхова аддалілі нарвежскі гарадскі варыянт дацкай мовы ад дацкага літаратурнага стандарту, наблізім riksmål да landsmål да такой ступені, калі ўжо нельга будзе адрозніць адну форму нацыянальнай мовы ад другой, і тады назавем гэтую моўную канвергенцыю samnorsk (даслоўна: агульная нарвежская мова).

Калі не памыляюся, у ХХ стагоддзі ў Нарвегіі было як мінімум шэсць правапісна-граматычных рэформаў нарвежскай мовы, якія зацвярджаліся парламентам (у 1907, 1917, 1938, 1952, 1959 і 1981 гадах).

Уявіце сабе пакуты нарвежскіх школьнікаў і настаўнікаў, якім у сярэднім раз на 15 гадоў заканадаўцы выштукоўвалі новыя правапісныя правілы і мянялі граматыку то ў адзін бок, то ў другі!

Гэтая палітыка зліцця ўсіх нарвежскіх моваў у адну правалілася з трэскам. Насамрэч здарылася нешта адваротнае: цяпер акрамя дзвюх афіцыйных пісьмовых формаў нацыянальнай мовы (bokmål i nynorsk) існуе яшчэ некалькі менш афіцыйных, якія адрозніваюцца адна ад адной ступенню выкарыстання дацкіх і мясцовых лексічных, марфалагічных і правапісных варыянтаў. Калі можна сказаць, што ў Нарвегіі існуе больш-менш стабільны правапісны стандарт для bokmål i nynorsk, то няма і намёку на нейкую арфаэпічную ўніфікацыю. Як той казаў, кто как хаціт, так і гаварыт. Хто на bokmål, хто на nynorsk, а хто на палескай, гэта значыць, на сваёй хатняй. І ўся гэтая маўленчая неразбярыха ў публічным жыцці ўспрымаецца нарвежцамі зусім нармальна, не раўнуючы моўная ідыясінкразія ў выкананні ўдзельнікаў «Званочкаў» на Радыё Свабода… Усе мы нарвежцы, і няма чаго тут саромецца…

Пра галоўнае

Мова робіцца нацыянальнай тады, калі на ёй пачынаюць ствараць вартасную нацыянальную культуру.
Нарвегія даказала гэты тэзіс з лішкам. І Ірландыя. Дацкая мова ў нарвежскім варыянце (bokmål, «нарвежская трасянка») — гэта мова высокай культуры, гэта мова Ібсэна, Гамсуна, Сігрыд Унсэт. Гэта таксама мова высакапробнай масавай культуры, напрыклад, мова дэтэктываў Ю Нэсбё. А з другога боку, найбольш папулярны на свеце сучасны нарвежскі драматург, Юн Фосэ, піша на нованарвежскай. І «нарвежскі Гарсія Маркес», Х’яртан Флёгстаг, піша свае раманы таксама на нованарвежскай. Пра Тар’ей Вэсаса я ўжо згадваў.
У Беларусі трасянка не стане мовай высокай культуры.
У найлепшым выпадку яна можа стаць мовай гумарыстычных «інтэрмецаў» у беларускіх або расійскіх тэкстах, як калісь у ХVIII стагоддзі беларуская была мовай камічных «жыдоўска-мужыцкіх інтэрмецаў» у польскамоўных п’есах на беларускім матэрыяле. І ўсім зразумела, чаму трасянка не стане мовай беларускай культуры. Бо трасянка ў Беларусі не мае ніякага грамадскага статусу. На ёй, як усе мы адчуваем, гавораць найменш адукаваныя за нас. У Нарвегіі на трасянцы гаварыла і гаворыць эліта. А культуру стварае якраз эліта, не плебеі.
Значыць, для беларускай культуры застаецца беларуская мова. І расійская.
Мне цяжка ўявіць, што магчыма ўтрымаць у нейкай даўжэйшай перспектыве сітуацыю, у якой нацыянальнай культурай лічыцца толькі тое, што ствараецца на беларускай мове, а ўсё, што ствараецца на расійскай, гуртам і задарма аддаецца суседняй дзяржаве. Гэта ж самагубны абсурд. Інтарэс захавання і ўзмацнення незалежнай беларускай дзяржавы якраз патрабуе ўлучэння расійскай мовы ў нацыянальны культурны кровазварот. Бо інакш Беларусь сама сябе аддасць расійцам… Такую небяспеку выдатна разумелі і нарвежцы, і ірландцы. Час і беларусам да гэтага дапетрыць.

Мне яшчэ цяжэй уявіць, што ў нейкай агляднай перспектыве ў Беларусь на белым кані ўедзе Зянон Станіслававіч і навучыць усіх без вынятку гаварыць па-беларуску ды пісаць вершы і апавяданні на гэтай мове. Гэта нерэальна, нават калі б Зянон Станіслававіч уехаў у Беларусь на натаўскім танку…

Канечне, цяжка прызнаць нават перад самім сабою, што ў Беларусі колькасць прыхільнікаў беларускай мовы як выключнай мовы публічнага жыцця і нацыянальнай культуры можа быць больш-менш такая, як колькасць прыхільнікаў nynorsk у Нарвегіі — дзесьці каля 20%. А астатнія 80% — за мову «старэйшага брата», за мову «акупанта».

Але беларуская сітуацыя выглядае менавіта так, што для пераважнай большасці з тых 4 мільёнаў беларусаў, якія на рэферэндуме ў 1995 годзе прагаласавалі за наданне расійскай мове статусу дзяржаўнай, расійская ўжо не ўспрымаецца як мова «старэйшага брата» ці «акупанта», а проста як мова таты з мамай, то бок як родная.

Ніякі палітычны рэжым, ні цяперашні, ні будучы, гэтага адчування, я лічу, радыкальна не зменіць. Але палітычны рэжым можа радыкальна змяніць грамадскае адчуванне адносна другой нацыянальнай мовы.
То бок рэжым у змозе так маніпуляваць грамадскай думкай, каб беларусы — носьбіты беларускай мовы глядзелі на беларусаў — носьбітаў расійскай мовы як на недапечаных прыдуркаў, і vice versa. Якраз гэтага цяперашні рэжым і дамогся.

Ну, усім нібыта ясна, што пакуль немагчыма замяніць гэты рэжым іншым. Але ніхто чамусьці не можа патлумачыць, чаму нельга ў сваёй галаве памяняць ідэалагічныя ўстаноўкі гэтага рэжыму, паводле якіх беларус беларусу не брат, а прыдурак…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?