Праз 50 гадоў пасьля заснаваньня Эўразьвяз зрабіўся выспай стабільнасьці, аднак пакрысе пачынае спаўзаць у абыякавасьць.

Эўразьвязу — 50 год. У заходняй прэсе ахвотна пакепліваюць: ЭЗ, маўляў, сутыкнуўся з тыповым крызысам сярэдняга ўзросту. Ён камплексуе з‑за свайго веку, адсутнасьці канкрэтных жыцьцёвых плянаў ды праблемаў, выкліканых рэзкім павелічэньнем масы цела. Зрэшты, гэта проста кідкая журналісцкая мэтафара. Насамрэч Эўразьвяз, хутчэй, нагадвае знэрваванага падлетка, перад якім стаіць праблема выбару свайго будучага шляху. Але і гэтае параўнаньне недасканалае: Эўразьвяз увогуле цяжка з чым‑небудзь параўноўваць.

ЭЗ мае вялікую моц у сучасным сьвеце, але дагэтуль ня мае выразнага іміджу, харызмы. Ну хіба што можна ўзгадаць распаўсюджаны стэрэатып пра тое, што правілы ЭЗ неверагодна заблытаныя, і выпрацоўвае іх бястварая эўрабюракратыя, падобная да арміі клонаў з гальштукамі.

Добра гэта ці дрэнна? Відаць, хутчэй добра. Сёньня Эўразьвяз функцыянуе хутчэй не як саюз нацыяў, а як саюз сувэрэнітэтаў, ад якіх тыя нацыі адмовіліся. І кіруе тымі абстрактнымі суверэнітэтамі эўрабюракратыя. Яе паводзіны і правілы нярэдка раздражняюць, аднак калі б нейкія сябры ЭЗ вырашылі распачаць паміж сабой сур’ёзны канфілкт, то эўрабюракратыя настолькі яго запаволіць сваімі працэдурамі, што ўрэшце бойка захлынецца. Фактычна, «гальштукі» зрабілі немагчымай вайну ў ЭЗ. Натуральна, здараецца, краіны сварацца паміж сабой, аднак Эўракамісія працягвае працу, не зважаючы на звадкі. Так большая частка Эўропы пражыла ў адносным міры ўжо паўстагоддзя — і гэта пасьля двух тысячагоддзяў войнаў!

Урад для народу

Насельніцтва ЭЗ складае 500 мільёнаў чалавек — вялізная лічба. І гэтыя людзі ў цэлым жывуць вельмі нават заможна. Больш за тое, свае грошы яны выдаткоўваюць з карысьцю — гэтак ЭЗ зьбіраецца да 2020 г. выйсьці на першае месца ў сьвеце па вырабу энэргіі з узнаўляльных крыніцаў, ратуючы, такім чынам, навакольле. Ёсьць чым ганарыцца, і заслуга эўрабюракратыі тут немалая.

Брусэль складае правілы, якія роўныя ды збольшага справядлівыя для ўсіх краінаў‑сяброў ЭЗ. Ён не дае фірмам аб’ядноўвацца ў грабёжніцкія картэлі ды нават зьбіраецца прымусіць эўрапейскіх апэратараў зьнізіць тарыфы на мабільную сувязь. Чым не ўлада для народа?

Эўрабюракратыя — шэрая, і калі штосьці надае ёй харызмы, дык гэта рознакаляровая Эўропа. Ангела Мэркель, фэдэральны канцлер Нямеччыны, краіны, якая пераймае прэзыдэнцтва ў ЭЗ, лічыць: «Утварэньне «фэдэратыўнай дзяржавы Эўропа» нават праз пяцьдзясят год, немагчымае. Мы захаваем разнастайнасьць нацыянальных дзяржаваў».

Новыя краіны не аслабілі Эўразьвяз, а надалі яму сьвежасьці. Канстытуцыя, зь якой так доўга няма пэўнасьці — спосаб ператварыць ЭЗ з бюракратычнага аб’яднаньня ў нешта, з чым чалавек сапраўды зможа сябе асацыяваць, называючыся эўрапейцам. У ідэйным пляне ЭЗ будзе няпоўны без Балканаў, Турцыі ды Беларусі з Украінай. А эўрабюракратыя здолее цудоўна ўпраўляцца зь якой заўгодна канфігурацыяй краінаў.

Разнастайнасьць у Эўропе, найперш, моўная. Нездарма сталіцай ЭЗ фактычна зрабіўся Брусэль — горад у адносна невялікай краіне, дзе сутыкаюцца розныя культуры ды розныя мовы. Відаць, Менск таксама мог бы быць неблагім месцам для эўракіраўніцтва.

Постдэмакратыя

Аднак размовы пра «крызыс сярэдняга ўзросту» вядуцца ўсё‑такі нездарма. «Эўропа адчыненых дзьвярэй» — гэта рэальнасьць, аднак дзьверы тыя адчыненыя толькі паміж пакоямі эўрапейскага дому, а вокны ды ганак закалочаныя дошкамі. Вонкі — жорсткі візавы рэжым, патрулі на межах ды прыніжальныя допыты ў амбасадах. Эўразьвяз адхапіў сабе кавалачак заможнасьці ды спакою, і жыхары ЭЗ не жадаюць яго губляць.

Эўразьвяз эфэктыўны ўнутры сябе, там, дзе ўсе гуляюць па адных правілах. Няблага ў яго атрымліваецца ўплываць і на тыя краіны, якія прагнуць сяброўства ды добраахвотна прымаюць правілы гульні. Але ЭЗ фатальна неэфэктыўны за межамі свайго непасрэднага ўплыву, там, дзе чхаць хацелі на тыя эўрапейскія прынцыпы. Колькі давялося папамучыцца на Балканах! А да Беларусі Эўразьвяз вось ужо 12 год ня ведае нават як падступіцца.

Ці набліжаецца Беларусь да Эўропы? А можа, гэта Эўропа набліжаецца да Беларусі?

Эўрапейская лібэральная дэмакратыя змагаецца за выжываньне ў сьвеце, дзе ў моду ўсё больш уваходзяць аўтарытарызм, фундамэнталізм ды маніпуляцыі праз бізнэс, а таксама спэкуляцыі на нацыянальных пачуцьцях. Людзі стамляюцца ды расчароўваюцца ў палітыцы, не ідуць на выбары. Традыцыйныя партыі пачынаюць баяцца выбаршчыкаў, не наважваюцца казаць пра цяжкія тэмы ды рэформы, робяцца кволенькімы ды падобнымі адна да адной, як блізьняты. А маргінальныя ды папулісцкія партыі наадварот узмацняюцца, бо ім усё роўна, якой цаной захапіць увагу электарату.

Усё часьцей кажуць пра пэрыяд «постдэмакратыі» ў Эўропе. Амэрыка загразла ў Іраку ды Аўганістане (зусім недалёка ад Эўропы, дарэчы), нафта сканчаецца, людзі жадаюць не свабоды, а пэўнасьці ў заўтрашнім дні. Абы ня было вайны. І тут на сцэну выходзіць «постдэмакратыя» — фармальная дэмакратыя, грамадзтва у якім птушка свабоды мае падрэзаныя крылцы. Спэцслужбы ўзмацняюцца для барацьбы з тэрарызмам, Бэрлюсконі ладзіць з дапамогай сваіх тэлеканалаў мэдыяспэктаклі ў самым сэры старой Эўропы, а для сапраўды дэмакратычных дэбатаў застаецца ўсё меней прасторы. Партыі робяць стаўку на асобаў, а не на праграмы, палітыка ператвараецца ў маркетынг, інфармацыйныя мэдыі — у забаўку. А людзям гэта ўсё роўна, яны жадаюць спакою, і ахвотна галасуюць за тых, хто абяцае стабільнасьць.

Выступаючы ў Бэрліне, Ангела Мэркель паабяцала зрабіць у сваёй прамове з нагоды 50‑годдзя Рымскіх пагадненьняў асаблівы акцэнт на супольных каштоўнасьцях дзяржаваў ЭЗ. «Па сутнасьці, іх можна сфармуляваць адным словам — талерантнасьць», — сказала яна.

Талерантнасьць — якое беларускае слоўца! Вось толькі ці ня зьменіцца талерантнасьць усеагульнай абыякавасьцю? Гэта — праблема, аднолькава актуальная як для Эўропы, так і для Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?