Эўразьвяз рэгулюе ўсё — ад структурнага разьвіцьця рэгіёнаў да велічыны кандомаў.

За тыя паўстагоддзя, якія прамінулі пасьля падпісаньня Рымскіх пагадненьняў, Эўразьвяз глыбока пранізаў жыцьцё шараговых эўрапейцаў. Сёньня існуе больш за 14 500 правілаў, прадпісаньняў ды судовых пастанаўленьняў, якія рэгулююць жыцьцё жыхароў ЭЗ. Але ці заўважаюць эўрапейцы, што яны жывуць у Эўразьвязе? Прынамсі, ЭЗ не стамляецца нагадваць пра сваё існаваньне на кожным кроку.

Ад 2002 г. кожны эўрапеец штодзень носіць з сабой кавалачак Эўропы — эўра. Для многіх тыя манэткі нават зрабіліся аб’ектам для калекцыяваньня. Справа ў тым, што кожная краіна, якая зьяўляецца сябрам эўрапейскага валютнага зьвязу, чаканіць цэнты ды эўра са сваім уласным малюнкам. А калі, прыбіраючы ў хаце, эўрапеец знаходзіць пад канапай стары пфэніг ці ліру, то дзівуецца, якім старажытным аб’ектам выглядае былая нацыянальная валюта. Праўда, эўрапейцы пакрысе губляюць адчуваньне таго, колькі ж сапраўды варты адзін эўра — так моцна вырасьлі цэны.

Эўрапейцы адразу заўважаюць, што яны жывуць у ЭЗ, падарожнічаючы на аўтамабілі. Што яднае чэскую «шкоду» з польскім нумарам ды францускі «сітраэн» з італьянскім нумарам, калі яны едуць па шашы ў Бэльгіі? Малеьнькая блакітная значка на нумарной шыльдзе. Нават у Беларусі нярэдка можна пабачыць на аўтамабілях блакітныя налепкі зь літарамі «BY» у вяночку з зорак. Праўда, cправа тут ужо не ў дырэктывах ЭЗ, а ў праэўрапейскім настроі кіроўцы.

Найлепш, аднак, прысутнасьць ЭЗ заўважная на паліцах унівэрмагаў. Гэтак, Эўразьвяз афіцыйна вызначае... ступень скрыўленьня гуркоў. Вылічваецца яна з дапамогай адмысловай формулы. Справа тут не ў эстэтыцы. Справа ў тым, што доўгія прамыя гуркі прасьцей транспартаваць, а караценькія лягчэй запакоўваць у шкляныя слоікі. Занадта крывыя гуркі не выкідаюцца — іх проста пераводзяць у іншую гандлёвую катэгорыю.

ЭЗ ўвёў нарматывы, якія вызначаюць мінімальныя памеры для ўсіх пладоў ды ягадаў. Дарэчы, ці ведаеце вы, што ЭЗ афіцыйна прызнае моркву не гароднінай, а фруктам? Уся справа тут у партугальцах. Калі б ЭЗ лічыў моркву гароднінай, то яны не маглі б экспартаваць сваё славутае маркоўнае сочыва ў іншыя краіны ЭЗ.

ЭЗ пакінуў свой сьлед на ўпакоўцы, бадай, усіх тавараў. Васьмікутнік з надпісам «BIO» паказвае, што гэты прадукт ня быў генэтычна мадыфікаваны ці вырашчаны з дапамогай хімічных угнаеньняў, а жывёлы, чыё малако ці мяса ёсьць у прадукце, утрымліваліся ў належных умовах ды cпажывалі экалягічна чыстым корм. Мясныя прадукты маркіруюцца маленькім авалам з лічбава‑літарным кодам. Ён паказвае, на якой менавіта фэрме вырасьцілі гэтую карову ці сьвінку. Электратэхніка, якой адчынены шлях на рынак ЭЗ, маркіруецца літарамі CE (Communauté Européenne, у перакладзе з францускай — Эўрапейская супольнасьць). Магчыма, вы таксама знойдзеце іх, зазірнуўшы пад крышку свайго мабільніка.

Эўропа, натуральна, гэта яшчэ і агромністая маса грошай, якія Брусэль забірае сабе, а потым зноў дзеліць паміж рэгіёнамі ЭЗ, накіроўваючы іх то на будоўлі, то ў культуру, то ў сацыяльныя патрэбы. Скажам, калі ў заштатным мястэчку ў беднай грэцкай правінцыі вядзецца будоўля шыкоўнага цэнтру для моладзі, варта паглядзець на шыльду ля агароджы: хутчэй за ўсё там будзе напісана, што аб’ект будуецца на грошы з фондаў ЭЗ.

ЭЗ яшчэ не вызначае надвор’я, але ўжо робіць спробы ўплываць на клімат (з мэтай ня даць яму зьмяняцца). Нават паветра, якім дышаць эўрапейцы, знаходзіцца ў сфэры дзейнасьці ЭЗ, які, напрыклад, можа абавязаць пэўны раён абмежаваць рух транспарту, калі выявіцца, што ў паветры занадта шмат газу ці пылу. Вада, якая цячэ з кранаў эўрапейцаў, таксама мусіць адпавядаць мінімальным стандартам.

ЭЗ здолеў пралезьці нават у ложкі да закаханых парачак. Яшчэ ў 1996 г. Эўрапейскі камітэт па нармаваньні вызначыў нарматывы памераў прэзэрватываў. Гэтак, яны павінны быць не карацейшымі за 16 сантымэтраў. Пры гэтым Брусэль падкрэсьлівае: гэта толькі норма, а не правіла. Такім чынам, ніводны мужчына ў ЭЗ не павінен лічыць, што Эўразьвяз патрабуе ад яго адпавядаць гэтай норме.

Алесь Кудрыцкі, з выкарыстаньнем матэрыялаў die Zeit

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0