Актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, затрыманых прэвэнтыўна напярэдадні акцыі 25 сакавіка, пакаралі арыштамі ў раённых судах Менску. Сярод асуджаных — грамадзянка Ўкраіны Наста Жыўкава. Усіх іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве і распаўсюдзе ўлётак.

У суд Першамайскага раёну Менску прывезьлі Касю Галіцкую, актывістку незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт». Яе затрымалі разам з Настай Палажанкай, Ярэкам Грышчэнем і яшчэ двума сябрамі. На ўсіх склалі пратаколы за дробнае хуліганства. Непаўналетніх адпусьцілі, а Касю адвезьлі да суду ў турму на Акрэсьціна.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі перанес разгляд справы на заўтра, 27 сакавіка, бо не прыйшлі сьведкі з боку міліцыі. Дзяўчыну ў кабінэце судзьдзі вызвалілі з‑пад варты.

У судзе Цэнтральнага раёну судзілі затрыманых за дзень да правядзеньня акцыі 25 сакавіка Антона Піява і Аляксея Рубанава.

Консул украінскай амбасады Васіль Сардэга прысутнічаў на працэсе Насты Жыўкавай, грамадзянкі Ўкраіны, якую затрымалі разам з хлопцамі. Супрацоўнікі патрульна‑паставой службы сьведчылі на судзе, што Наста, Антон і Аляксей раздавалі мінакам на вуліцы ўлёткі з заклікам прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу ў Дзень Волі.

Наста паведаміла «Свабодзе», што яна студэнтка і прыехала з Кіева да свайго сябра Аляксея. У міліцыі ёй не дазволілі патэлефанаваць бацькам, адмовіліся выклікаць адваката, а таксама консула ўкраінскай амбасады: «Ня надта добра з намі сябе паводзілі. Лаяліся матам, зьневажальна да нас ставіліся, казалі: «Чаго вы прыехалі? Вам ва Ўкраіне ўласнага сала не хапае?» Стаўленьне міліцыі было досыць зьняважлівым, а тыя, хто сядзеў са мной у камэры — ставіліся з павагай. Гэта былі хлопцы і дзяўчаты з «Маладога фронту», дзяліліся рэчамі, спальнікамі, і цяпер прыйшлі падтрымаць».

У судзе прысутнічаў сябра Насты Пётар Прахарэнка. Ён удзельнічаў разам зь некалькімі грамадзянамі Ўкраіны ў акцыі 25 сакавіка. У судзе ён паведаміў «Свабодзе»: «Такой сытуацыі як тут я, шчыра кажучы, яшчэ нідзе ня бачыў. Тое, што было на Плошчы і тое, што было ў газэтах — неба і зямля. Беларускі канал перадаў — купка людзей, якая прыйшла на плошчу, перашкаджала нейкім там гандлярам... Гэта нам перашкаджалі, не далі прайсьці, ціснулі да сьцен, сёй‑той атрымаў цялесныя пашкоджаньні. Гэта дэзынфармацыя грамадзян Беларусі, суцэльная хлусьня ў сродках масавай інфармацыі».

Насту арыштавалі на трое сутак. Антона Піява і Аляксея Рубанава суд арыштаваў на пяць сутак. Антон Піяў распавёў: «Нас затрымалі ў суботу, калі мы ішлі праз Кастрычніцкую плошчу. Да нас падышлі міліцыянты і папрасілі прад’явіць дакумэнты. Мы спыталіся, чаму, а яны адказалі, што мы ў іх выклікалі падазрэньне. Не дазволілі ні пазваніць блізкім, ні зьвязацца з адвакатам».

Суд Фрунзенскага раёну Менску арыштаваў на пяць сутак Андрэя Ігнатовіча. Ён мусіў кіраваць аховай мітынгу 25 сакавіка, але 23‑га яго затрымалі на вуліцы міліцыянты ў цывільным. Андрэя абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Аляксандра Атрошчанкава арыштавалі на 5 сутак у судзе Фрунзенскага раёну Менску. Яго затрымалі 23 сакавіка. Міліцыянты ў судзе сьведчылі, што Аляксандар, ідучы па вуліцы, нецэнзурна лаяўся, махаў рукамі і, апроч таго, быў неахайна апрануты.

Тацяна Цішкевіч таксама правяла ў турме на вуліцы Акрэсьціна двое сутак. Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў дзяўчыну штрафам на 15 базавых велічыняў (гэта 230 даляраў). Суд перакваліфікаваў артыкул і абвінаваціў дзяўчыну ў падрыхтоўцы несанкцыянаванай акцыі.

***

У Віцебску

Кастрычніцкі раённы суд Віцебску прызнаў Барыса Хамайду вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванай акцыі 25‑га сакавіка.

Міліцыянты затрымалі спадара Хамайду, калі ён ішоў па мосьце імя Кірава ў цэнтар Віцебску з бел‑чырвона‑белымі сьцягамі. За гэты ўчынак судзьдзя Ірына Смалякова прысудзіла старэйшаму віцебскаму апазыцыянэру 5 сутак арышту, прычым адны суткі — ад моманту ўчорашняга затрыманьня — у ізалятары ён ужо адбыў.

Разам з Барысам Хамайдам супрацоўнікі міліцыі ўчора затрымалі і жыхара райцэнтру Сянно Алеся Пазьняка. Ён таксама ішоў побач з Хамайдам пад бел‑чырвона‑белым сьцягам. Пасьля затрыманьня і складаньня пратаколу ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі Алесь Пазьняк таксама мусіў правесьці мінулую ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Сёньня судзьдзя Ірына Смалякова пакарала яго штрафам (3 базавыя велічыні або 93 тысячы рублёў).

Барыс Хамайда і Алесь Пазьняк былі асуджаныя паводле аднолькавага артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу — за парушэньне парадку правядзеньня вулічных акцыяў. Але, як патлумачыла судзьдзя, Алесь Пазьняк быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці ўпершыню, і таму атрымаў толькі штраф. Барыс Хамайда сёлета ўжо неаднаразова трапляў у суд, мае мільёны нясплочаных штрафаў, і таму судзьдзя вырашыла, што найбольш мэтазгодным пакараньнем для апазыцыянэра будзе арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?