Спынена крымінальная справа ў дачыненні двух супрацоўнікаў Савецкага РАУС Гомеля за перавышэнне ўлады. У іх дзеяннях не знойдзена складу злачынства, сказалі БелаПАН ва ўпраўленні Следчага камітэта па Гомельскай вобласці.

Як паведамлялася раней, 9 студзеня Следчы камітэт распачаў справу паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) у дачыненні да двух міліцыянераў, якія ў кастрычніку 2011 года праводзілі затрыманне супрацоўніка УДФР.

Раней, у канцы снежня, міліцыянеры ўжо былі прыцягнутыя да адказнасці, атрымаўшы вымовы. Да дысцыплінарнай адказнасці іх прыцягнула кіраўніцтва па выніках праверкі, праведзенай упраўленнем уласнай бяспекі (УУБ). Паводле слоў міліцыянераў, УУБ прыйшло да высновы, што яны не распачалі мер на месцы для ўстанаўлення даных супрацоўніка КДК, а таксама стварылі пагрозу яго жыццю і здароўю, дастаўляючы ў аддзел без адзення.

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў кастрычніку 2011 года. Супрацоўнік упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю адмовіўся заплаціць таксісту па лічыльніку, назваўшы яго, паводле сведчанняў самога вадзіцеля і міліцыянераў, «казлом», а міліцыянераў, якія прыбылі па выкліку таксіста, — «асламі». Супрацоўніка КДК даставілі ў аддзел міліцыі для разбору.

1 снежня 2011 года суд Савецкага раёна Гомеля разгледзеў у закрытым пасяджэнні адміністрацыйную справу ў дачыненні да супрацоўніка КДК, абвінавачанага ў абразе таксіста, і прызнаў яго вінаватым ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння — наўмысным зневажэнні гонару і годнасці асобы (арт. 9.3 КоАП). Вінаватага пакаралі адміністрацыйным штрафам у 10 базавых велічынь (350 тыс. рублёў). А 1 лютага 2012 года Гомельскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Савецкага раёна, накіраваўшы справу на новы разгляд. Аднак, як стала вядома БелаПАН, раённы суд спыніў справу ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?