Тыдзень таму спынілася сэрца Галіны Малчанавай — маці палітвязня Алеся Малчанава.

Што застаецца ад чалавека па смерці? Сцяжынка з ігліцы, недапіты кубак вады разам з надарваным пакункам валідолу, старонка ў сацыяльных сетках. Ігліцу прыбяруць адразу па пахаванні, кубак памыюць яшчэ раней, а вось акаўнт у ФБ так і застанецца вісець ва ўяўным свеце аватараў, статусаў, непрачытаных паведамленняў, нібы забыты спадарожнік у касмічным бязмежжы.

Калі з месяц таму я выпадкова ўбачыў прозвішча Галіны Малчанавай ў ФБ, то адразу даслаў запыт на сброўства. Праз нейкі час спадарыня Галіна адказала.

Гэта быў той рэдкі выпадак, калі моцная няскораная жанчына ў свае 64 вырашыла пачаць жыццё «анлайн», у адрозненне ад большасці сваіх пагодак.

«Галіна Малчанава рэгулярна карысталася камп’ютарам, адсочвала навіны, гэта было ейным акенцам у свет, — распавядае грамадская актывістка Ганна Шапуцька, — пасля апошняга арышту Сашы на нашых круглых сталах па вызваленні палітвязняў яна вельмі перажывала, што КДБ падчас вобшуку забраў камп’ютар».

Жыццё маці палітвязня не было простым: 20 год яна даглядала сваю хворую маці, пасля з мужам гадавала адзінага сына. Муж цяпер таксама цяжка хворы, сын, былы «зубровец», палітвязень Плошчы-2010, у турме: другі тэрмін, паўтара года «строгага рэжыму».

Іншых родных няма: была сястра старэйшая, але памерла некалькі год таму. Галіна марыла, каб сын паехаў за мяжу вучыцца, але дзе ж там — хворыя бацькі!

«Апошнім часам, прыязджаючы да нас, — працягвае Г. Шапуцька, — яна ўвесь час смактала валідол, але ж да лекара не ішла. Да яе ездзілі нашыя дзяўчаты, мясцовыя актывісты прыходзілі, арганізацыя пенсіянераў дапамагала, наўпрост неабыякавыя людзі. Дзяўчаты распавядалі, што калі ўвесну прывезлі ёй зімовае паліто, Галіна адказала, маўляў, наўрад ці ўжо спатрэбіцца: да наступнае зімы хіба не дажыве…»

Галіна Малчанава не выстаўляла статусаў у Фэйсбуку — сачыла за лентай навінаў, часам ставіла «лайкі». На старонцы не было б нават фота, каб зноўку не намаганні Ганны Шапуцькі, якая ўставіла здымак з аднаго з круглых сталоў: на ім суворая жанчына з мужным тварам ды бел-чырвона-белым шалікам на шыі, які нібыта сімвалізуе той сцяг, які яе сын замацаваў на цэнтральным будынку КДБ 19 снежня 2010. Увесь час я збіраўся ёй што-небудзь напісаць: запытацца аб сыне, патрэбах, сказаць хаця б пару словаў. Не паспеў. У ноч з 8 на 9 чэрвеня яе сэрца назаўжды спынілася.

Малчанавы. Нават прозвішча сталася сімвалам:
негаваркі Саша мэтанакіравана і адчайна супраціўляўся рэжыму ў сваім родным Барысаве, не з’ехаў за мяжу, калі ўжо па вызваленні на яго была заведзеная чарговая справа «за абразу дзяржаўнай сімволікі». Ягоная маці Галіна Малчанава, якая годна і мужна, моўчкі, сціснуўшы зубы, падтрымлівала ўсіх навокал, але не ўтрымалася сама… 8 чэрвеня, год таму, дзякуючы тым жа сацыяльным сеткам, была праведзена першая «маўклівая акцыя», з якой нарадзілася цунамі, што захлеснула краіну і перапужала яе гаспадароў. Усё моўчкі. Як і прынята на гэтай зямлі.

Зараз таксама можна моўчкі прайсці па сваіх справах, а можна, не кажучы нікому напісаць пару словаў падтрымкі Алесю з калонію альбо пералічыць хаця б сімвалічную суму на рахунак бацьку палітвязня.

222160, Мінская вобл., г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, турма № 8; Малчанаву Аляксандру Валер’евічу

222120 г. Барысаў (Мінская вобласць), вул. Ленінская д.31 кв.1 Малчанаву Валерыю Уладзіміравічу

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?