Дэлегаты з’езда Свабоднага прафсаюза металістаў (СПМ), што адбыўся 16 чэрвеня ў Мінску, абралі старшынёй арганізацыі Аляксандра Бухвостава.

На гэтай пасадзе Бухвостаў змяніў Васіля Леўчанкова. Намеснікам старшыні СПМ абраны Уладзімір Другакоў.

Як паведаміў Бухвостаў, гэта быў «тэхнічны з’езд». «На ім прысутнічалі 14 дэлегатаў з 18 абраных на з’езд. Усе яны прадстаўлялі прафсаюзныя арганізацыі на розных прадпрыемствах Беларусі», — сказаў ён.

Дэлегаты абмеркавалі змены ў статут арганізацыі і праграму дзейнасці на 2012–2015 гады, а таксама абралі савет арганізацыі.

Паводле слоў Бухвостава, з’езд не прымаў ніякіх рэзалюцый.
Не абмяркоўвалася і пытанне пра дзеянні прафсаюза падчас найбліжэйшых парламенцкіх выбараў. «Мы наогул не закраналі палітычных праблем і пытанняў, бо прафсаюз павінен займацца не палітыкай, а сваёй дзейнасцю — абаронай правоў работнікаў. Акрамя таго, у палітыкаў, на маю думку, няма адзінага меркавання ў пытаннях дасягнення сваіх мэт. Таму пра нейкія выбары гаварыць заўчасна», — заявіў Бухвостаў.
Паводле яго слоў, першачарговая задача СПМ — умацаванне прафсаюзных структур і пярвічных арганізацый на прадпрыемствах.
«Мы выбіралі аднаго дэлегата ад 50 чалавек, гэта значыць у нашым прафсаюзе зараз прыкладна 800 членаў. Такім чынам, прафсаюз у нас невялікі, і нам трэба пашырыць свае рады, каб стаць сілай у прафсаюзным руху», — рэзюмаваў новы старшыня СПМ.

Свабодны прафсаюз металістаў уваходзіць у склад Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?