«Мы навучыліся праводзіць выбары як свята для беларускага народа. Давайце яшчэ раз зробім гэтае свята. Гэты дзень павінен быць святам для людзей», — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак на нарадзе, прысвечанай выбарам, якую сам і правёў.

«Незаконныя дзеянні, палітычныя правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, павінны неадкладна спыняцца, а вінаватыя — несці устаноўленую адказнасць», — сказаў Лукашэнка.
У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што палітычная канкурэнцыя на выбарах будзе дапушчаная толькі ў межах, вызначаных лукашэнкаўцамі. На папярэдніх выбарах перамагалі толькі праўладныя кандыдаты.
Ён растлумачыў, што мае на ўвазе: не будуць дазваляцца вулічныя акцыі пратэсту, а ў выбарчыя камісіі будуць уключаць толькі «надзейных людзей».

«Задача праваахоўных органаў — не дапусціць перарастання перадвыбарных сустрэч у такія [вулічныя] мерапрыемствы», — падкрэсліў Лукашэнка.

«Прадстаўнікоў партый, незалежна ад іх палітычных поглядаў, што годна зарэкамендавалі сябе пры правядзенні ранейшых выбарчых кампаній, трэба ўключаць у склад выбаркамаў». «Тыя ж, хто раней спрыяў дэзарганізацыі выбараў, не павінны атрымаць другога такога шанцу», — заявіў ён.

«Парламенцкія выбары» ў Беларусі пройдуць 23 верасня.
Аб гэтым паведаміў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Першы склад палаты прадстаўнікоў быў прызначаны ў канцы 1996 г. з ліку дэпутатаў-лукашэнкаўцаў з Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Выбары дэпутатаў 2-га склікання прайшлі 15 кастрычніка 2000 г., 3-га склікання — 17 кастрычніка 2004 г. (тады выбары супалі з рэфэрэндумам аб зняцці колькасці тэрмінаў для прэзідэнта), выбары ў палату прадстаўнікоў 4-га склікання прайшлі 28 верасня 2008 г.

Нагадаем, што 8 чэрвеня 2012 г. на нарадзе з кіраўнічкай ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, Лукашэнка заявіў:

«Я да гэтага часу лічу, што мы сёлета не павінны ні пад каго падладжвацца. Вы ўжо пераканаліся па мінулых нашых такіх мерапрыемствах, што падзякі мы ад гэтага не атрымаем.
Ды і не трэба нам ні ад каго падзякі. Нам трэба арыентавацца на ўласнае заканадаўства і Канстытуцыю, — падкрэсліў ён. — Мы парламенцкія выбары, як і іншыя, праводзім для сябе, для нашай дзяржавы, і народ павінен у сумленнай і канкурэнтнай барацьбе вызначыць, хто будзе працаваць у нашым парламенце».
Ярмошына тады заявіла, што выбарчае заканадаўства напярэдадні парламенцкіх выбараў больш мяняцца не будзе.
«У студзені 2010 года ў выбарчае заканадаўства былі ўнесены змены, якія значна дэмакратызавалі выбарчы працэс у нашай краіне», — сказала кіраўніца ЦВК.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?