Прадстаўнікі апазіцыі гатовыя да маючай адбыцца выбарчай кампаніі, а праваабаронцы — да назірання за выбарамі.
Пра гэта яны заявілі, каментуючы прызначэнне парламенцкіх выбараў на 23 верасня.

Так, да выбарчай кампаніі «цалкам гатовая» Партыя БНФ, паведаміў яе старшыня Аляксей Янукевіч.

«Мы ўжо даўно вядзем падрыхтоўку і па вылучэнні сваіх членаў у акруговыя і тэрытарыяльныя камісіі, і па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Праводзіліся семінары, навучанне патэнцыяльных членаў выбарчых камісій. На працягу апошніх чатырох месяцаў кіраўніцтва партыі і патэнцыяльныя кандыдаты ў дэпутаты вывучалі праблемы ў рэгіёнах. Цэнтральны офіс практычна завяршыў распрацоўку агітацыйных і метадычных матэрыялаў», — расказаў палітык. Кандыдатаў на ўдзел у выбарах павінен выставіць з’езд Партыі БНФ, дата якога будзе вызначана на сойме 23 чэрвеня.

Пра гатоўнасць да выбараў заяўляе і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

«Мы гатовыя вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты шляхам збору подпісаў, і такі спіс кандыдатаў ужо сфарміраваны, — паведаміў намеснік старшыні кампаніі Андрэй Дзмітрыеў. — Усе нашы кандыдаты будуць папулярызаваць ідэю грамадзянскага дагавора. Такім чынам, мы хочам заваяваць голас „новай большасці“ — тых людзей, якія займаюцца сацыяльнымі праблемамі і разумеюць, што карані гэтых праблем усё ж тояцца ў палітыцы».

Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама «даўно гатовая да выбараў», заявіў намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

«Мы вызначыліся са стратэгіяй партыі на выбарах, у нас ёсць спіс спікераў, якія пойдуць кандыдатамі ў дэпутаты. У бліжэйшыя дні пройдзе палітсавет партыі, які вызначыць дату з’езда па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, і крыху пазней — яшчэ адзін палітсавет па вылучэнні нашых людзей у акруговыя выбарчыя камісіі», — сказаў Марголін.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі заявіў пра гатоўнасць да актыўнага байкоту выбарчай кампаніі.

«Мы правялі абласныя справаздачныя канферэнцыі ў Гомелі, Магілёве, Гродне і Брэсце, на якіх абмеркавалі тактыку байкоту выбараў. У Гомелі ўжо пададзена 20 заявак на пікеты па абмеркаванні з насельніцтвам пытанняў выбараў і байкоту. У Магілёве створаны штаб па байкоце. У наступныя выхадныя мы правядзем такія канферэнцыі ў Мінску і Віцебску. Так што, для кожнай вобласці, з улікам мясцовых асаблівасцяў, мы падрыхтуем планы па актыўным байкоце выбараў», — паведаміў палітык.

Да байкоту выбараў гатова і грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь», якую ўзначальвае экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.

«Мы ездзілі па рэгіёнах, праводзілі кансультацыі, і мы бачым, што людзі ўспрымаюць выбары ўжо нават не як дэкарацыю, а як нейкі пахавальны рытуал, — заявіў каардынатар кампаніі Аляксандр Атрошчанкаў. — Байкот парламенцкіх выбараў — гэта толькі частка кампаніі па агульным байкоце дыктатуры, якая будзе заснаваная на народнай падтрымцы».

Загадзя пачалі рыхтавацца да назірання за выбарамі і праваабаронцы. Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» пачала падрыхтоўку даўно. Мы правялі шэраг семінараў па навучанні нашых назіральнікаў, распрацавалі формы дакументаў і неабходныя метадычныя матэрыялы для назіральнікаў. У прынцыпе, мы прывязваемся да каляндарнага графіка кампаніі, як і рабілі гэта заўсёды. Пасля кожнага этапу выбараў мы плануем рабіць справаздачу, і выніковую справаздачу пасля выбараў», — расказаў Валянцін Стэфановіч.

Паводле яго слоў, «Праваабаронцы за свабодныя выбары» маюць намер выставіць падчас парламенцкай кампаніі прыкладна 50 чалавек у якасці назіральнікаў на працяглы тэрмін. Астатнія далучацца да назірання падчас датэрміновага галасавання і непасрэдна ў сам дзень выбараў.

«Мы не ставім перад сабой мэты ахопу як мага большай колькасці выбарчых участкаў. Я ў гэтым не бачу сэнсу, таму што шчыльнае пакрыццё ўчасткаў назіральнікамі мае сэнс толькі тады, калі назіральнікі сапраўды маюць магчымасць прадухіляць фальсіфікацыі і нейкім чынам уплываць на ход выбарчага працэсу, каб ён адбываўся ў адпаведнасці з заканадаўствам. У нас, на жаль, гэта фактычна немагчыма», — сказаў ён.

Паводле слоў Стэфановіча, асноўны ўпор доўгатэрміновыя назіральнікі будуць рабіць на прымушэнне улад да яўкі на выбарчыя ўчасткі. «Калі будзе актыўная кампанія байкоту выбараў, і нават калі такой кампаніі не будзе, паколькі гэтыя выбары ўжо мала каму цікавыя,-то для ўлады галоўнай задачай застаецца забеспячэнне яўкі выбаршчыкаў на выбары. Таму мы рыхтуемся назіраць за прымушэннем да галасавання», — адзначыў праваабаронца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?