Незвычайнае ДТЗ адбылася ўвечары 15 чэрвеня ў вёсцы Уцёс, піша Intex-press.

23-гадовы жыхар Баранавіцкага раёна, які падзарабляе на ферме кіроўцам коннай падводы, растлумачыў супрацоўнікам ДАІ, што ў той дзень ён прыкладна ў 12.00 выпіў паўлітра гарэлкі, потым «праз дзве гадзіны яшчэ 200 грамаў», а пасля лёг спаць, бо ўвечары яму было на працу.

Прачнуўшыся, узяў запрэжанага каня і паехаў на ферму. Праязджаючы паўз майстэрні, мужчына, па яго словах, не разлічыў адлегласці да прыпаркаванага каля плота аўто, і конь разам з возам наскочыў на аўтамабіль.

Дзіўна, але ні воз, ні мужчына сур’ёзна не пацярпелі. А вось у аўто пярэдняя частка ладна пакамячаная. Гаспадар машыны ацаніў шкоду ў 4 мільёны рублёў.

На вазніцу склалі адміністрацыйны пратакол. Яму пагражае штраф ад 500 тысяч да 2 млн рублёў. Акрамя таго, калі ўладальнік аўто звернецца ў суд, то парушальніку прыйдзецца аплаціць яшчэ і рамонт машыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?