Каб спыніць рост тарыфаў ЖКГ, Лукашэнка ахвяруе даходамі дзяржбюджэту. Адменены падатак на дабаўленую вартасьць на абароты ЖКГ.

Указам кіраўніка Беларусі ад абкладаньня падаткам на дабаўленую вартасьць вызваляюцца абароты па рэалізацыі будаўнічых працаў і рамонце жытла, а таксама жыльлёва‑камунальныя паслугі фізычным асобам, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА. Адпаведны ўказ А. Лукашэнкі нумар 138 «Аб некаторых пытаньнях абкладаньня падаткам на дабаўленую вартасьць» быў падпісаны 26 сакавіка.

У абгрунтаваньні, распаўсюджаным прэзыдэнцкай прэс-службай, гаворыцца, што «такія меры прыняты ў мэтах недапушчэньня росту цэнаў і тарыфаў на жыльлёва‑камунальныя і эксплюатацыйныя паслугі, якія аказваюцца фізычным асобам, а таксама на работы па будаўніцтве і рамонце жыльлёвага фонду».

Дзеля таго каб абмежаваць рост камунальных выплатаў, улады пайшлі на чарговае абмежаваньне бюджэтных паступленьняў. ПДВ за камунальныя паслугі і будаўнічыя працы складала істотную частку дзяржаўнага бюджэту.

Раней зьнізіліся даходы бюджэту ад нафтаперапрацоўкі. У гэтай сытуацыі ўрад робіцца надзвычай залежным ад атрыманьня расійскага стабілізацыйнага крэдыту. Нагадаем, што Беларусь зьвярнулася да Масквы з просьбай аб выдачы гіганцкага крэдыту памерам 1,5 мільярда даляраў. Рашэньне па ім яшчэ не прынята.

23 сакавіка прэм'ер-міністры Беларусі і Расеі падпісалі ў Менску гандлёва-эканамічную дамову, нявыгадную для беларускай харчовай прамысловасьці. Назіральнікі зьвязваюць падпісаньне гэтай дамовы з жаданьнем ураду атрымаць згоду Масквы 1,5-мільярдны крэдыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?