Выпадак адбыўся ў панядзелак у вёсцы Клідзяняты Смаргонскага раёна (Гродзенская вобласць). На месца здарэння выехалі шэсць пажарных разлікаў.

Гарэла паветка, якая знаходзіцца пад адным дахам з жылым домам, а таксама лазня і аўтамабіль «Жыгулі». Выратавальнікі справіліся з пажарам за паўгадзіны.

Але агонь паспеў знішчыць паветку, дах лазні і салон старэнькіх «Жыгулёў».

Дом удалося выратаваць, але гаспадыні давядзецца да наступлення халадоў адрамантаваць дах дома. Агонь і на яго паспеў перакінуцца.

Як высветлілі выратавальнікі, пяцігадовы хлопчык са сваёй мамай і сястрой прыехаў са Смаргоні ў Клідзяняты пагасцяваць да бабулі.

Пакуль мама гатавала абед, хлопчык схапіў запалкі і пабег на двор. Ён запаліў запалку, і яна трапіла на стог сена. Полымя перакінулася на паветку.

Пачуўшы трэск і ўбачыўшы языкі полымя, маці хлопчыка выбегла з хаты, схапіла дзяцей і ўцякла з імі з двара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?