У красавіку 2011 сілавікі паведамілі пра затрыманне падазраваных па выбуху ў мінскім метро. Толькі з часам паступова стала з’яўляцца і інфармацыя пра іх. Прозвішчы, месцы працы, знаёмствы. Правяралі ўсіх, хто быў нейкім бокам звязаны з Канавалавым і Кавалёвым.

Часткова вынікі такіх праверак станавіліся вядомымі. Так, у канцы мая паведамілі пра звальненне дырэктара Віцебскага завода трактарных запасных частак Уладзіміра Федарэнкі. Яго палічылі вінаватым у незабеспячэнні патрэбных паказнікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця прадпрыемства, а таксама нізкім ўзроўні працоўнай і вытворчай дысцыпліны, бескантрольнасці захавання матэрыяльных каштоў-насцяў, хібах у ідэалагічнай працы.

На гэтым заводзе працаваў Дзмітрый Канавалаў. Падчас папярэдняга следству ён сведчыў, што металічнае начынне для выбухоўкі ўзяў на прадпрыемстве.

Таму ніхто не сумняваўся, што справа выбуху і звальненне дырэктара звязаныя.

На Федарэнку яшчэ і крымінальную справу завялі. Абвінавацілі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым паўторна альбо групай асобаў па папярэдняй змове. Але да суда справа не дайшла. Дакладней, судзілі былога дырэктара па адміністрацыйнай справе.

«Па выніках расследавання вынесена пастанова аб вызваленні абвінавачанага Федарэнкі ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнага спагнання на падставе п.3 ч.1 арт.30 КПК і арт. 86 КК, паколькі ён упершыню здзейсніў менш цяжкае злачынства і цалкам кампенсаваў нанесеную шкоду», — паведамілі ў Генеральнай пракуратуры. Суму шкоды, праўда, не назвалі, а вось штраф прысудзілі спагнаць з начальніка Канавалава ў памеры 10 базавых велічынь (350 тыс. руб. на той час).

Каго пакаралі — ведаць неабавязкова

Пра суды над міліцыянтамі (тым, хто не ўзяў у Дзмітрыя Канавалава адбіткі пальцаў і тым, хто не праверыў яго сумку пры ўваходзе ў метро 11 красавіка), хоць і са спазненнем, але паведамілі. А вось пра пакаранне тых, хто незаконна месяцамі ўтрымліваў людзей за кратамі па справе выбухаў, пракуратура маўчыць і сёння.

Пасля выбухаў у Віцебску ў верасні 2005 паведамлялася пра пецярых затрыманых. Па некаторай інфармацыі, гэтых людзей хутка адпусцілі, бо яны не мелі дачынення да справы. Але затрымалі новых — братоў Віталя і Юрыя Мурашкаў, якім і прад’явілі абвінавачванне. Іх пратрымалі за кратамі ад 30 верасня 2005 да 31 сакавіка 2006. Выпусцілі ж пад падпіску аб нявыездзе. Але нават праз два месяцы пасля іх выхаду на свабоду старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заяўляў, што «яны маюць да выбухаў дачыненне, але следства яшчэ вызначыць ступень іх удзелу ў гэтай справе». У выніку з братоў былі знятыя абвінавачванні і ім выплацілі кампенсацыю. А Сухарэнку праз год адправілі ў адстаўку.

У справе Мурашкаў быў і лжэсведка Аляксей Буда. Пазней ужо ён заявіў, што даваў паказанні супраць сваіх знаёмых пад пагрозай фізічнай расправы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Гэтая акалічнасць стала вядомая на працэсе над Канавалавым і Кавалёвым.

У кастрычніку 2006 па справе выбухаў затрымалі і актывіста апазіцыі Паўла Красоўскага. А затым яго рэзка «западозрылі» ў забойстве і згвалтаванні. Хлопец правёў за кратамі дзесяць дзён. У выніку і з яго знялі ўсе абвінавачванні.

Хто панёс пакаранне за памылкі, зробленыя падчас следства? Падаткаплацельшчыкам гэта ведаць неабавязкова. Так лічаць у Генеральнай пракуратуры. На адпаведны запыт з гэтай установы прыйшоў наступны адказ: «Дакументы па выніках службовых расследаванняў, а таксама звесткі, якія ўтрымліваюцца ў дакументах аб працы па раскрыцці злачынстваў і расследаванні крымінальных спраў, па пытаннях пракурорскага нагляду за выкананнем заканадаўства пры ажыццяўленні папярэдняга следства з’яўляюцца службовай інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання, у сувязі з чым не могуць быць Вам прадстаўлены». Гэта азначае, што не могуць паведаміць пра міліцыянта, які пайшоў на злачынства, каб атрымаць патрэбныя паказанні. А невядомасць прымушае сумнявацца ў іх пакаранні.

Хочуць спакойна жыць

Сітуацыю па віцебскіх выбухах, напэўна, мог бы праясніць і яшчэ адзін фігурант справы — маёр КДБ Андрэй Дзямідаў. Ён уваходзіў у групу па расследаванні віцебскіх выбухаў пакуль сам не стаў абвінавачаным. У 2007 ён некалькі месяцаў правёў і СІЗА. «НН» паспрабавала пагаварыць з Дзямідавым. Але, па словах яго жонкі Наталлі, муж не будзе размаўляць з журналістамі. Маўляў, яны хочуць спакойна жыць.

Тады ж, у 2007, родныя маёра, калі адчулі, што яго могуць пасадзіць надоўга, пайшлі на кантакт з незалежнай прэсай.

Прысуд па крымінальнай справе выбухаў у Мінску і Віцебску вынеслі паўгода таму. Два месяцы назад Канавалава і Кавалёва расстралялі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?