Грамадзянская кампанія за «Справядлівыя выбары» мае намер выставіць на парламенцкіх выбарах 23 верасня адну тысячу прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі і дзве тысячы назіральнікаў.
Пра гэта паведаміў сустаршыня кампаніі, лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 20 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Ён адзначыў, што на парламенцкіх выбарах будуць і іншыя кампаніі кантролю за іх правядзенне. «У інтэрнэце будзе весціся кампанія па фіксацыі фактаў парушэнняў, праваабаронцы будуць весці маніторынг выбараў. Наша ж мэта — гэта кампанія актыўнага назірання. Мы будзем не толькі фіксаваць парушэнні, але і спрабаваць паўплываць на практыку правядзення выбараў», — падкрэсліў Калякін.

Палітык паведаміў, што першы тэст на правядзенне сумленных выбараў улада ўжо праваліла. Паводле яго слоў, у сакавіку ў Палату прадстаўнікоў і ЦВК былі накіраваныя прапановы, рэалізацыя якіх у выбарчым заканадаўстве дазволілі б правесці празрыстыя выбары. «Гэтыя папраўкі датычыліся правоў назіральнікаў, падліку галасоў. На жаль, улады на нашу ініцыятыву адказалі адмовай», — сказаў Калякін.

Наступным тэстам для ўлады, паводле яго слоў, стане фарміраванне выбарчых камісій. «Пакуль мы не разглядаем уладу як прамога саперніка, як бок, што нам супрацьстаіць. Я згодны з выказваннямі Лукашэнкі пра неабходнасць прамога грамадзянскага кантролю за выбарамі.

Таму сёння мы заклікаем улады да супрацоўніцтва, каб правесці выбары празрыста, а па іх выніках не прад’яўляць адзін аднаму прэтэнзій. Вядома, улада можа і не ўключыць нашых прадстаўнікоў у камісіі.
У такім разе яна праваліць і другі тэст», — сказаў палітык.

Калякін паведаміў, што ў кампаніі «За справядлівыя выбары» на рэспубліканскім узроўні ўдзельнічаюць 13 палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, а з улікам рэгіёнаў — 27 арганізацый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?