Аляксандр Лукашэнка ўказам № 278 ад 18 чэрвеня вызваліў ад займаных пасад шэраг суддзяў, у тым ліку тых, хто выносіў абвінаваўчыя прыгаворы прадстаўнікам апазіцыі і за гэта ўключаны ў спіс неўязных у краіны ЕС.

Як вынікае з указу, ад пасады намесніка старшыні і суддзі суда Партызанскага раёна Мінска «ў сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў» вызвалена Наталля Чацвярткова. Яна вяла працэс у дачыненні да экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, прыгаворанага да пяці з паловай гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама іншых фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года — Алега Гнедчыка, Уладзіміра Яроменка, Ільі Васілевіча і Фёдара Мірзаянава, якія таксама былі прыгавораныя да розных тэрмінаў пазбаўлення волі.

Аляксандр Хадановіч, які вёў працэсы ў дачыненні да шэрагу актывістаў апазіцыі, вызвалены ад пасады суддзі суда Цэнтральнага раёна Мінска ў сувязі з выхадам на працу свайго калегі Паўлючук Таццяны, якая знаходзілася, як адзначаецца ва ўказе, «у сацыяльным адпачынку».

Пры гэтым сама Таццяна Паўлючук таксама вызваленая ад пасады суддзі суда Цэнтральнага раёна «па ўласным жаданні». Паўлючук разглядала адміністрацыйныя справы многіх актывістаў апазіцыі, якім выносіліся абвінаваўчыя прыгаворы.

«У сувязі з заканчэннем тэрміну паўнамоцтваў» ад пасады суддзі суда Фрунзенскага раёна Мінска вызваленая Ганна Самалюк — яна таксама вяла справы многіх актывістаў грамадзянскай супольнасці.

Усяго, як вынікае з указу № 278, пасадаў пазбавіліся 14 суддзяў. Тэкст указа размешчаны на Нацыянальным прававым партале — pravo.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?