Таямнічы беларускі рэпэр прадставіў у сеціве самаробны кліп на песню «Літвіны», якая мае ўсе шанцы стаць хітом. Трэк прысвечаны антыбальшавіцкаму супраціву ў Беларусі.

У асяродку беларускіх рэпэраў чамусьці прынята хаваць свой твар. Пэўны час у масцы выступаў рэпэр Krou, лідэр гурту «Чырвоным па белым».
Адварочвалі твары на сваіх першых здымках хлопцы з PaNaNieba і Lunclan. Так і не раскрыў сваёй асобы ды не паказаўся на публіцы рэпэр Aviator.
Сёлета паўстаў новы «ананімны» праект, які завецца Zenon.
Музыкі запісваюць музыку ў хатніх умовах, падкладаюць яе пад адмыслова падабраны відэашэраг ды выкладаюць у сеціва. Такім чынам ужо былі прэзэнтаваны трэк «Дывізіён 303», прысвечаны памяці лётчыкаў з Заходняй Беларусі, якія ў складзе польскага дывізіёну бралі ўдзел у абароне Вялікабрытаніі ад атакаў нямецкай авіяцыі падчас Другой сусьветнай вайны, а таксама неафіцыйны саўндтрэк да стужкі «Вышэй за неба».

Новы трэк ад Zenon завецца «Літвіны».

Свой твор выканаўца прысвяціў Гарадзенскаму добраахвотнаму палку ўланаў, які ў складзе войска Беларускай Народнай Рэспублікі, а пасля ў складзе Польскага войска, браў удзел у абароне Беларусі ад бальшавіцкіх захопнікаў у 1919—1920 гадах.
Таксама трэк прысвячаецца жаўнерам першай беларуска-літоўскай дывізіі і асабіста беларускаму князю Станіславу Радзівілу, які аддаў сваё жыццё за вольнасьць беларускіх і ўкраінскіх зямель у бітве з бальшавікамі пад Кіевам у 1920 годзе.
У кампазіцыі распавядаецца гісторыя беларускай шляхцянкі Ганны з Сапегаў, якая загінула ад бальшавіцкай кулі на рацэ Вялля, непадалёк ад мястэчка Вялейка ў 1920 годзе.

Як заўважыў лідар праекту Zenon у камэнтары для Tuzin.FM з нагоды прэм’еры відэа, гэты спеў — спроба паказаць, як можа выглядаць аўтэнтычны беларускі хіп-хоп. Ён кажа, што займаецца «хіп-хоп рэканструкцыяй» і стварае трэкі, якія мусілі бы існаваць ужо даўно.

«Упэўнены, што калі б беларусы абаранілі сваю дзяржаву БНР, то ўся наша гісторыя пайшла б у іншым кірунку.
І хіп-хоп прыйшоў бы да нас куды хутчэй, бо не было б тады татальнага кантролю ў савецкія часы.
Самае страшнае, што атмасфэра «саўка» адчуваецца дагэтуль і зусім няшмат змянілася ў нашай краіне.
Мы ж мусім разлічыцца з гісторыяй дзеля таго, каб прыстойна жыць у будучым. І мусім заўжды памятаць, што нічога не паўстае проста так і ўсё мае свае карані», — разважае выканаўца.

У сваім відэароліку на «Літвінаў» Zenon выкарыстаў кадры з польскага тэлесерыялу «1920. Wojna i milosc».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?