Cказаў гэта Кудрын журналістам у кулуарах Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму, каментуючы прапанову прэм’ер-міністра краіны Дзмітрыя Мядзведзева падумаць аб стварэнні адзінай валюты на тэрыторыі ЕўрАзЭС.

«Таксама думаю, гэта рашэнне нявыгаднае і краінам, якія маглі б увайсці ў гэты валютны саюз», — дадаў Кудрын, словы якога прыводзіць РІА Новости.

Ён патлумачыў, што многія члены ЕўрАзЭС не маюць суверэнных фінансавых рэйтынгаў.

«Гэта азначае, што якасць фінансавых сістэм [у гэтых краінах] ніжэйшая за разумнае. Калі іх зараз уцягваць у адзіную прастору — гэта істотнае пагаршэнне якасці расійскага рубля», — заявіў эксперт.

Апрача таго, ён нагадаў, што многія з гэтых краін звяртаюцца па дапамогу да Міжнароднага валютнага фонду, гэта значыць не здольныя самастойна прыцягваць сродкі на знешніх рынках. «Іх фінансавыя сістэмы знаходзяцца ў перманентным крызісе. Я не лічу неабходным краіны, што знаходзяцца ў перманентным фінансавым крызісе, уцягваць у адзіную валютную прастору», — заявіў Кудрын.

Экс-кіраўнік Мінфіна Расіі ўказаў на вопыт Еўрасаюза: пабудова валютнага саюза павінна ўвязвацца з жорсткай фінансавай палітыкай і жорсткімі бюджэтнымі абмежаваннямі з агульнымі прынцыпамі фіскальнай палітыкі.
«Нам давядзецца задаваць прынцыпы для гэтых краін і ўвесь час знаходзіцца з імі ў канфлікце, прымушаць гэтыя краіны выконваць гэтыя жорсткія абмежаванні, — сказаў ён. — У выпадку валютнага саюза валютны курс краін, што ўвайшлі ў гэты саюз, будзе падпарадкоўвацца фундаментальным паказчыкам Расіі, а не гэтых краін, якія ўвайшлі ў саюз, гэта значыць ён будзе ўмацоўвацца супраць неабходнасці гэтых краін або будзе аслабляцца празмерна. Я мяркую, гэта будзе нявыгадна гэтым краінам».

На думку Кудрына, сама Расія не гатовая прапанаваць суседзям такі саюз, паколькі яе бюджэт захоўвае высокую залежнасць ад нафты: «Каб прапанаваць паслугі валютнага саюза іншым краінам, трэба спачатку пераадолець гэту залежнасць і не ставіць пад гэтыя рызыкі іншыя краіны».

«Мяркую, зараз, на працягу бліжэйшых дзесяці гадоў, гэта ідэя не для нашай краіны», — заявіў экс-міністр фінансаў РФ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?