Беларусь адбылася як незалежная дзяржава. Гэты факт канстатаваў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з маладымі грамадазнаўцамі ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

«Атрымаўшы ў пачатку 1990-х гадоў шанс, мы выкарысталі яго спаўна. Усяго за два дзесяцігоддзі — нязначнае па мерках гісторыі імгненне, адчуваючы часам неверагодны націск звонку, мы стварылі, па сутнасці, новую еўрапейскую краіну», — адзначыў Лукашэнка.

«Наша маладая дзяржава паказала, што нават невялікая краіна можа прымусіць сябе паважаць і праводзіць незалежны знешнепалітычны курс», — сказаў ёе.

«Вы бачыце, якое цяпер стаўленне да нас з боку Захаду, ды і на Усходзе не заўсёды нас разумеюць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго словаў, «прычына не ў тым, што ў нас не той рэжым, не той прэзідэнт або яшчэ штосьці не тое».

«Я не хачу праводзіць паралелі, але з некаторымі рэжымамі яны паспяхова супрацоўнічаюць, таму што там нафта, грошы і гэтак далей. Падумаеш, нейкая невялікая краіна ў цэнтры Еўропы вырашыла стаць незалежнай. Ад каго? Ад Расіі, Польшчы або Літвы, у складзе якіх мы заўсёды былі?» — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што незалежная Беларусь адбылася. «І з гэтым трэба згаджацца. Рана ці позна з гэтым давядзецца згадзіцца», — лічыць Лукашэнка.

«Наша мэта — стварыць дзяржаву, якой будуць ганарыцца не толькі нашы дзеці, але і мы», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што беларусы ішлі да незалежнасці вельмі доўгім і цяжкім шляхам.

«На працягу стагоддзяў нашы землі пераходзілі з адных дзяржаў у іншыя, а беларусы цярпелі і палітычны, і эканамічны, і культурны прыгнёт. Усё гэта было ў нашай гісторыі», — адзначыў ён.

Ён лічыць, што павагі заслугоўваюць незвычайная жыццеўстойлівасць і воля беларусаў, якія змаглі пранесці праз стагоддзі імкненне да дзяржаўнасці і дабіцца пастаўленай мэты.

«Старэйшае пакаленне не забыла Беларусь узору ліхіх 90-х, калі абвалілася эканоміка, калі відавочны быў параліч улады, беспрацоўе і галеча, і мы балансавалі на краі прорвы.

Напэўна, Гасподзь нас выратаваў. Мы пачалі шукаць выхад, у тым ліку і палітычны», — нагадаў Лукашэнка.

«Я памятаю тыя часы, калі мы фармавалі Канстытуцыю і ўводзілі пасаду прэзідэнта краіны — прэзідэнта „ўрэзанага“, як хацелася многім групам, асабліва эліце. Усе хацелі слабага прэзідэнта, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. —

Прэзідэнта выбралі, і мне давялося мадэрнізаваць Канстытуцыю, дзе прэзідэнт павінен быць прэзідэнтам, каб выцягнуць краіну з прорвы, у якой яна тады знаходзілася». «На шчасце, мне давялося быць прэзідэнтам таго перыяду, калі мы выцягвалі краіну проста за вушы з той багны, у якую мы трапілі», — дадаў ён.

Лукашэнка канстатаваў, што ў краіне была створана палітычная сістэма, у ёй не адмовіліся ад планавання і прагназавання, створана выканаўчая вертыкаль улады, сфармаваны парламент.

«Не хачу гаварыць аб асаблівасцях, некаторыя называюць гэта феноменам развіцця нашай краіны. Давайце не будзем вельмі сябе ўзвялічваць. Будзем гаварыць аб тым, што мы развіваліся сваім асаблівым шляхам. Правільна мы рабілі ці не, а мы лічым, што правільна, і я таксама так лічу, але гэта меркаванне сучаснікаў. А нас ацэняць пакаленні, якія прыйдуць пасля нас. Яны нам дадуць ацэнку: правільна мы дзейнічалі ці не», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. «Але калі ёсць паляпшэнні, значыць, гэта адзін з тых шляхоў, па якім мы павінны былі прайсці», — дадаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?