Згодна з распараджэннем Шумілінскага райвыканкама кожнай арганізацыі і прадпрыемству раёна даведзена заданне па нарыхтоўцы кармоў.

«У прыватнасці, на аднаго работніка трэба скасіць па 200 кілаграмаў травы,
— расказала першы намеснік начальніка райсельгасхарчу В. У. Лабейка. — А ўсяго па раёне ў сельгасарганізацыі павінна быць здадзена 288 тон травы. Прычым, справіцца з гэтай работай трэба да 29 чэрвеня».

Многія арганізацыі адразу прыступілі да справы. Сярод такіх — вузел паштовай сувязі, «Белаграпрамбанк», тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, райпаліўзбыт. «Знайсці траву — не праблема, — лічыць начальнік райпаліўзбыту У. М. Кійко. — Напрыклад, ля свайго прадпрыемства абкасілі закінутыя ўчасткі — атрымалася паўтары тоны, гэта на паўтоны больш, чым даведзена планам.

А хутка будзем абкошваць замацаваныя за намі абочыны па вуліцы Ленінскай — атрымаецца яшчэ добры прычэп».

Дарэчы, работнікі паліўзбыту здавалі зялёную масу ў «Шумілінскі райаграсэрвіс», на ферму Добрына. Тут траву здрабнялі кормаўборачным камбайнам і клалі ў сянажную траншэю. «Нам пашанцавала на памочнікаў, — гаворыць брыгадзір Н. А. Волкава. — Траву прывозяць актыўна.

Толькі за дзень, акрамя райпаліўзбыту, „зялёнку“ прывезлі работнікі СШ № 1, тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, энэргазбыту, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Усяго атрымалася амаль 18 тон. Гэта добрая дапамога. Дзякуй усім, хто нас падтрымаў».

Работы па нарыхтоўцы зялёнай масы працягваюцца. Заадно работнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна наводзяць парадак на зямлі: абкошваюць няўдобіцы, меліярацыйныя каналы, закінутыя агароды, поймы рэк, канавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?