У Маскоўскім судзе Менску скончыўся разгляд пазову праваабаронцы Гары Паганяйлы да МУС і Мін’юсту. Міліцыя выбачылася перад Гары Паганяйлам за «памылковае» ўключэньне яго ў сьпіс невыязных.
«Сёньня начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун агучыў выбачэньні і даставіў у суд даведку пра тое, што я выключаны з базы дадзеных асобаў, якім абмежаванае права на выезд.Такім чынам, фактычна ён прызнаў неабгрунтаванасьць дзеяньняў МУС. Але суд, прыкрыўшыся такой даведкай, прызнаў маю скаргу неабгрунтаванай», - расказаў ён.
Гары Паганяйла паведаміў, што зьбіраецца абскардзіць рашэньне Маскоўскага суду адносна сваёй скаргі, а таксама будзе дамагацца завядзеньня крымінальнай справы супроць тых, хто неабгрунтавана ўключыў яго ў сьпіс невыязных і «гэтым парушыў канстытуцыйныя правы».
Вядома пра 14 праваабаронцаў, палітыкаў і журналістаў, якіх унесьлі ў сьпіс невыязных. Асобы з гэтага сьпісу мяркуюць, што гэтак улады Беларусі адказалі на сьпіс чыноўнікаў, невыязных у краіны Эўразьвязу за рэпрэсіі супраць дэмакратычных актывістаў і фальшаваньне выбараў.