23 сакавіка ў выніку аварыі на ўчастку нафтапроваду «Унеча Вэнтспілс» у Бешанковіцкім раёне адбыўся выцек каля 100 тонаў дызпаліва. Яно патрапіла ў раку Улу – прыток Дзьвіны. Беларуская служба МНС здолела ліквідаваць прарыў і сабраць асноўную частку нафтапрадуктаў. У гэтым былі задзейнічаныя 200 чалавек, 50 адзінак тэхнікі ды 10 плаўсродкаў. Тым ня менш, нягледзячы на стараньні беларусаў, некалькі тонаў дызпаліва патрапілі на тэрыторыю Латвіі.

Выклікае цікавасьць той факт, што інфармацыя пра здарэньне ў Беларусі масава распаўсюдзілася толькі пасьля таго, як патрапіла да нас з Латвіі. Гэта здарылася 26 сакавіка, пасьля таго як міністар аховы прыроды Латвіі забіў трывогу. Ягоную заяву перадало агенцтва “Інтэрфакс-Захад”, і толькі тады інфармацыя пайшла ў рэспубліканскія СМІ.

Варта адзначыць, што Віцебскае абласное тэлебачаньне апэратыўна паведаміла пра здарэньне, паказаўшы сюжэт некалькі разоў. Аднак за рэгіянальнымі дзяржаўнымі СМІ ня ўсе сочаць, таму ня ўсе не даведаліся пра аварыю своечасова. Многія жыхары Бешанковічаў і Полацку, як высьветліў карэспандэнт «НН», даведаліся пра аварыю толькі ў панядзелак. Так, наваполацкая пісьменьніца Ірына Жарнасек пачула пра аварыю пасьля таго, як нехта са свякоў, аматар рыбалкі, пабачыў на рацэ нафтавыя плямы. Жыхарка Бешанковічаў Валянціна Гракун таксама пачула навіну ад знаёмых толькі на наступны дзень. Інфармацыя была неафіцыйная, атрыманая праз трэція рукі.

У выніку аварыі з Улы ўцяклі бабры да андатры. Беларускія ўрадоўцы ўскладаюць віну за здарэньне на расейскі бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?