Калі верыць інтэрнэт-энцыклапедыі, у бліжэйшую нядзелю — 1 ліпеня — былы ўладальнік найбуйнейшай у Беларусі кампаніі па экспарце-імпарце прадукцыі ваеннага прызначэння ЗАТ «Белтэхэкспарт» Уладзімір Пефціеў будзе святкаваць 55-годдзе.

Зараз Пефціеў знаходзіцца не ў Беларусі, і ў якой краіне ён будзе прымаць падарункі з нагоды юбілею, пакуль не вядома.

Днямі нечакана высветлілася, што Пефціеў не толькі зброю прадае. Ён яшчэ і кніжкі піша, і мастацтвам сур’ёзна цікавіцца.

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстава літаграфій, гравюр і паштовак сярэдзіны XIX — пачатку ХХ стагоддзя «1812 год. Вайна і свет». Усе экспанаты — з унікальных калекцый Уладзіміра Пефціева і лаўрэата прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава.

«Упершыню Айчынную вайну 1812 года беларусы ўбачаць вачыма відавочцы: на выставе прадстаўлена каля 100 літаграфій па малюнках удзельніка напалеонаўскага паходу ў Расію Хрысціяна Вільгельма Фабера дзю Фора (1780–1857), — паведамляецца ў прэс-рэлізе. — Аўтар прайшоў усю кампанію 1812 года ў чыне французскага палкоўніка ў складзе корпуса маршала Мішэля Нея і захаваў жанравыя сцэны бівуакаў французскіх войскаў, батальныя сцэны і многае іншае з амаль фатаграфічнай дакладнасцю. У экспазіцыю таксама ўвайшлі літаграфіі па малюнках выдатнага рускага жывапісца і літаратара, аднаго з найбольш вядомых мастакоў-баталістаў Васіля Верашчагіна, які ў сваёй серыі карцін імкнуўся «паказаць вялікі нацыянальны дух рускага народа», а таксама «звесці вобраз Напалеона з таго п’едэстала героя, на які ён занесены».

На адкрыцці выставы Уладзімір Ліхадзедаў падняў пытанне аб аднаўленні двух помнікаў рускім, французскім і польскім воінам, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў час вайны 1812 года. Адзін з іх — у вёсцы Клясціцы, а другі — на трасе паміж Вілейкай і Маладзечнам. У размове з журналістамі Ліхадзедаў падкрэсліў, што гэта — прыватная ініцыятыва.

Па словах дырэктара музея ВАВ Сяргея Азаронка, Ліхадзедаў і Пефціеў прынялі рашэнне ўсе атрыманыя ад продажу ўваходных квіткоў сродкі накіраваць на рэстаўрацыю вышэйзгаданых манументаў.

Варта заўважыць, што ўваходны квіток каштуе 10 тысяч, для школьнікаў — у два разы меней. Выстава будзе працаваць да канца года, але сумніўна, што набярэцца велізарная сума, якой хопіць на ажыццяўленне ідэі.

«Народная Воля» пацікавілася, колькі грошай неабходна на помнікі. Аднак Ліхадзедаў дакладную суму назваць не змог.

«Мы гэтым пытаннем не задаваліся», — сказаў ён. І дадаў, што помнікі не такія ўжо і вялікія і ён разлічвае, што гэты дабрачынны праект падтрымае і дзяржава, і бізнес, і грамадскасць.

Колькі грошай ахвяруе з уласнага кашалька на манументы сам Пефціеў, не агалошваецца. І спытаць у яго пра гэта не было магчымасці — Уладзімір Паўлавіч на адкрыцці экспазіцыі не з’явіўся.

«Ён вельмі часта па справах бывае за мяжой, і таму з гэтай прычыны не змог прысутнічаць, — патлумачыў Ліхадзедаў. — Спадзяюся, калі мы будзем прэзентаваць кніжны праект, ён будзе».

Высветлілася, што Пефціеў сумесна з Ліхадзедавым зрабілі кнігу — «Храналогія Айчыннай вайны 1812 г. на старых паштоўках і ў графіцы».

Сярод публікі, якая прыйшла паглядзець на калекцыю, былі заўважаны бізнесмены, былыя чыноўнікі, гісторыкі, былыя дэпутаты. Расійскі амбасадар Аляксандр Сурыкаў выступіў з прамовай на адкрыцці выставы, а пасол Францыі Мішэль Рэнеры з’явіўся толькі бліжэй да канца прэс-мерапрыемства, якое адбылося пасля адкрыцця вернісажу.

***

Уладзіміра Пефціева называюць адным з самых багатых беларускіх бізнесменаў. У Беларусі яго актывы не ацэньваліся, але ў 2010 годзе ўкраінскае выданне «Дело» ацаніла стан Пефтиева ў адзін мільярд долараў.

Пару месяцаў таму палітычны ўцякач Алесь Міхалевіч заявіў, што, па яго інфармацыі, Пефціеў гатовы быў заплаціць вялікую суму амерыканскіх «рублёў» таму, хто даб’ецца выключэння яго прозвішча з «чорнага спісу» Еўрасаюза.

Зусім нядаўна на сайце «Белтэхэкспарту» з’явілася інфармацыя аб тым, што Пефціеў прадаў кантрольны пакет акцый групы кампаній ЗАТ «Кіруючая кампанія «Белтэх Холдынг», у якую ўваходзіць ЗАТ «Белтэхэкспарт»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?