Неадкладна і без умоваў вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі заклікае рэзалюцыя, кансультацыі па праекце якой сёння прайшлі у ААН.

Напярэдадні заўтрашняга абмеркавання Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека кансультацыі ў Жэнэве арганізавала місія Еўразвязу ў ААН, якая ініцыявала рэзалюцыю. Кансультацыі праходзілі адкрыта і ў іх бралі ўдзел усе ахвотныя, але прадстаўнікі беларускай місіі адсутнічалі.

У праекце рэзалюцыі таксама патрабуецца правесьці поўнае, празрыстае і адкрытае расследаванне ўсіх звестак аб катаваннях і бесчалавечным абыходжанні з палітвязнямі, а таксама неадкладна спыніць практыку адміністрацыйных затрыманняў актывістаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў, журналістаў і праваабаронцаў і не перашкаджаць іх свабоднаму руху, у тым ліку паездкам за мяжу.

Праект рэзалюцыі заклікае ўлады Беларусі выканаць усе рэкамэндацыі са справаздачы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека аб сітуацыі ў Беларусі.

У праект уключанае і рашэнне пра прызначэньне мандата спэцдакладчыка па Беларусі і заклік да ўладаў пра паўнавартасную супрацу з ім, прадстаўленні ўсёй неабходнай інфармацыі і магчымасцяў наведаць краіну.

У часе абмеркавання праекту рэзалюцыі яго падтрымалі Японія, ЗША і многія еўрапейскія краіны,

з крытыкай дакумента выступілі Расія, Куба і Кітай.

Расія назвала рэзалюцыю «непрадуктыўнай, палітызаванай» і заявіла, што «яна не дасць карысці».

Расея, Куба і Кітай заявілі ў часе кансультацыяў па Беларусі, што сытуацыя там не патрабуе ўвядзення мандату спецдакладчыка ААН.

Кітайскі прадстаўнік сказаў, што Кітай «не можа паверыць, што Еўразвяз з такой упартасцю робіць крокі супраць Беларусі, якая з’яўляецца яго блізкай суседкай» і што Кітай расчараваны такім ціскам на Беларусь з боку Рады ААН у правах чалавека. Кітай заявіў, што «рашуча супраць гэтай рэзалюцыі, якая не зробіць нічога для паляпшэння правоў чалавека ў Беларусі. Тэкст рэзалюцыі грунтуецца на справаздачы Вярхоўнага камісара, якая ніколі не была ў Беларусі».

Рэзалюцыю ў такім выглядзе падтрымалі Вялікабрытанія, Нарвэгія, Нідэрланды, Польшча, Францыя, Швецыя, ЗША, Японія, — усяго болей як 20 краінаў.

Прадстаўнік місіі Польшчы ў ААН назваў «дэманстрацыяй непавагі» з боку беларускай місіі тое, што ніхто з яе прадстаўнікоў не прыйшоў на кансультацыі. Прадстаўнік Расіі адказаў, што «гэта не дзіўна», бо тут няма пра што гаварыць: «Вы ўжо два гады не жадаеце нічога слухаць».

«Нам няма пра што з вамі размаўляць», — такі адказ атрымала і Фундацыя Дамоў правоў чалавека ад беларускай місіі, калі запрасіла яе на канфэрэнцыю па сітуацыі ў Беларусі
напярэдадні 20-й сесіі Рады ААН у правах чалавека.

Прадстаўнік місіі Расіі заявіў таксама ў часе сёньняшніх кансультацыяў, што беларускі ўрад накіроўваў запрашэнні васьмі спецдакладчыкам ААН і Вярхоўнаму камісару наведаць краіну, але яшчэ не атрымаў адказу.

Тым часам, эксперты Рады ААН у правах чалавека паведамляюць, што не могуць атрымаць адказаў на свае просьбы наведаць Беларусь. Дэтальная інфармацыя аб гэтым прадстаўленая на сайце Рады ААН па правах чалавека.

Паколькі Беларусь — краіна, якая выклікае заклапочанасць Рады ААН па правах чалавека,

Офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека замовіў маніторынг усёй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасля 19 снежня 2010 года.
Гэтым займаецца Рада па правах чалавека, якая падрыхтавала рэтраспектыўную справаздачу па Беларусі. Між іншага там уздымаецца праблема супрацоўніцтва беларускага ўраду з Радай ААН па правах чалавека.

Справаздача сведчыць, што ўрад Беларусі дэманструе неахвоту і некампетэнтнасьць у пытаннях звычайнай практыкі супрацоўніцтва краін-чальцоў ААН з Радай па правах чалавека.

Да прыкладу, для вывучэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, як таго патрабавала леташняя чэрвеньская рэзалюцыя, Рада ААН тройчы звярталася да ўраду Беларусі з просьбай дазволіць прыезд рабочай групы Офісу Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Афіцыйная Беларусь, аднак, не прызнала вышэйзгаданай рэзалюцыі і адмовілася супрацоўнічаць.

У якасьці альтэрнатывы прыезду рабочай групы афіцыйны Мінск прапанаваў Вярхоўнаму камісару Наванэтхэм Пілэй прыехаць адной у Беларусь. Насамрэч

такая замена візіту рабочай групы для выкананьня пэўнага мандату на асабісты візіт Вярхоўнага камісара супярэчыць існуючаму ладу працы Рады ААН. Афіцыйны Мінск не мог гэтага не ведаць, калі перадаваў запрашэнне
Вярхоўнаму камісару, якое не магло быць прынятае як замена візыту рабочай групы. Як адзначае адмысловая справаздача Фундацыі Дамоў правоў чалавека разам з Беларускім Домам правоў чалавека, гэта адзін з прыкладаў, які паказвае стыль працы афіцыйнай Беларусі.

На 27 чэрвеня ў Радзе ААН запланаваны інтэрактыўны дыялог аб сытуацыі ў Беларусі. Канчатковае галасаванне будзе напрыканцы 20-й сесіі Рады ААН па правах чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?