Гомельская кандытарская фабрыка «Спартак» выйграла ў кампаніі «Рашэн» (Украіна) барацьбу за таварны знак «Барбарыс», паведаміў сайт беларускага прадпрыемства. Пасяджэнне калегіі па справах інтэлектуальнай уласнасці Вярхоўнага суда Беларусі адбылося 14 чэрвеня.

20 красавіка 2010 года Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Беларусі зарэгістраваў таварны знак «Барбарыс» за кампаніяй «Рашэн». «Спартак» звярнуўся ў суд са скаргай, «бо яму як уладальніку таварнага знака «Барбарыс» рашэннем Апеляцыйнага савета пры патэнтным органе было адмоўлена ў задавальненні пярэчання супраць давання прававой аховы ў Рэспубліцы Беларусь слоўнаму таварнаму знаку «Рашэн Барбарыс», зарэгістраванаму на імя даччынага прадпрыемства «Кандытарская карпарацыя „Рашэн“ (Украіна)».

Як гаворыцца ў паведамленні, судовая калегія адмяніла рашэнне Апеляцыйнага савета зыходзячы з наступных фактаў. Слоўнае абазначэнне «Барбарыс» на працягу доўгага часу, прыкладна з 1939 года, выкарыстоўвалася на тэрыторыі СССР, Рэспублікі Беларусь рознымі вытворцамі кандытарскіх вырабаў для маркіроўкі карамелі «Барбарыс», пры гэтым рэцэптура гэтай карамелі заставалася нязменнай і ўваходзіла ва ўніфікаваныя зборнікі рэцэптур 1939, 1970, 1986 гадоў.

Таксама, як вынікае са справаздачы па тэме «Вывучэнне асаблівасцяў успрымання абазначэння „Барбарыс“ насельніцтвам Беларусі», названае абазначэнне вядома 88,7% апытаных; кожны пяты рэспандэнт (22,3%) назваў у якасці фірмы-вытворцы кандытарскую фабрыку «Спартак», і толькі 5% апытаных лічаць, што гэта фабрыка «Рашэн».

Судовая калегія прыйшла да высновы, што пры маркіроўцы аднародных тавараў падобнымі таварнымі знакамі «Барбарыс» і «Рашэн Барбарыс» у спажыўца можа стварыцца ўяўленне аб прыналежнасці іх аднаму вытворцу. Было ўстаноўлена, што перавагу ў прававой ахове мае таварны знак, права на які ўзнікла раней.

У выніку скарга кандытарскай фабрыкі «Спартак» падлягае задавальненню, а рашэнне Апеляцыйнага савета ад 21 верасня 2011 года — адмене.

Даванне прававой аховы таварнаму знаку «Рашэн Барбарыс» прызнана несапраўдным. Рашэнне абскарджанню і апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае, паведамляе «Спартак».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?