Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў завяршыў сёння праверку работ абітурыентаў па расейскай і беларускай мовах. Пра гэта паведаміў дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў. У цэлым вынікі выканання тэстаў па прадметах нязначна адрозніваюцца ад леташніх. Сто балаў атрымалі па расейскай мове 19 абітурыентаў, па беларускай — 7 абітурыентаў (у 2011 годзе было адпаведна 7 і 5 абітурыентаў).

Нуль балаў у трох удзельнікаў ЦТ па расейскай мове і ў аднаго — па беларускай.

На думку Фяськова, гэтыя лічбы вельмі добра сведчаць пра даступнасць тэстаў для ўдзельнікаў тэставання. Тое, што толькі чатыры ўдзельнікі двух выпрабаванняў напісалі ЦТ на нуль балаў, кажа, што тэсты ўтрымлівалі якасныя, збалансаваныя па цяжкасці заданні з высокай здольнасцю дыферэнцыяцыі.

Не пераадолелі парог у 7 балаў каля 3% ад агульнага ліку ўдзельнікаў тэставання.
Па беларускай мове не набралі 7 балаў 2,65% абітурыентаў (каля 1160 чалавек), а па расейскай — 3,67% абітурыентаў (больш за 3300). Нагадаем, сёлета з мэтай выключэння магчымасці ўдзелу ў конкурсе абітурыентаў, якія маюць нізкі ўзровень падрыхтоўкі, устаноўлена ніжняе значэнне тэставага бала, пачынаючы з якога адзнака пры паступленні ў ВНУ будзе прызнавацца здавальняючай, — 7 балаў. У абітурыентаў, якія маюць у сертыфікатах ЦТ 1–6 балаў, дакументы ў ВНУ прымацца не будуць. Але яны змогуць паступаць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай або прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Сертыфікаты ЦТ атрымаюць усе абітурыенты, якія здалі яго на 1 бал і вышэй. Абітурыенты, якія набралі 0 балаў, будуць пазбаўленыя права падаваць дакументы для ўдзелу ў конкурсе як у ВНУ, так і ў ССНУ.

Вынікі ЦТ будуць змешчаныя ў пунктах праходжання тэставання на інфармацыйных стэндах, а таксама на сайце РІКВ.
Іх можна даведацца і пры дапамозе SMS-запытаў (паслуга даступная для абанентаў velcom, MTC, Diallog).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?