У маі суд Навабеліцкага раёна Гомеля прызнаў 77-гадовуюдоктарку-неўролага гарадской паліклінікі вінаватай у атрыманні хабару. За два гады доктарка незаконна атрымала 1 мільён 235 тысяч рублёў. У матэрыялах справы 31 эпізод — яна афармляла лісты часовай непрацаздольнасці за хабар. Лекар пакараная 3 гадамі пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці з адтэрміноўкай прысуду на 2 гады.

Мы звярнуліся да доктаркі-гінеколага ў паліклініцы аднаго з раённых цэнтраў Беларусі. Марына пагадзілася расказаць, як і што яна атрымлівае ад удзячных пацыентаў.

«Наша Ніва»: Часта пацыенты дзякуюць шакаладам альбо каньяком?

Марына: Прыкладна кожны трэці прыносіць нешта падобнае. За тыдзень часам атрымліваецца дзясятак такіх прэзентаў. Праца ў мяне спецыфічная — займаюся жанчынамі. Таму на кветкі спадзявацца не даводзіцца. Бывае, што і мужчыны заходзяць, каб «аддзячыць» за жонку.

«НН»: Ад чаго залежыць тое, што нясуць?

М: Людзі самі вырашаюць. Кіруюцца, напэўна, цяжкасцю іх захворвання. Мне як жанчыне часцей прыносяць шакалад, цукеркі, садавіну, каву, віно. Каньяк скрынямі хіба толькі доктару Купітману з серыяла «Інтэрны» прыносяць. Часам дораць нейкія рэчы — набор парфумы. Але ў асяродку медыкаў не прынята абмяркоўваць падарункі.

«НН»: А грошы прапаноўваюць?

М: Не, грошай ні разу не прапаноўвалі. Ды і за што? Усе падарункі — гэта ж знак увагі, а не разлік за нейкую працу. Магчыма, я не так шмат працую, каб быць у курсе ўсяго. А выпіскай «ліпавых» даведак я не займаюся.

«НН»: Такі знак увагі Крымінальным кодэксам трактуецца як «атрыманне незаконнай узнагароды». Як Вы гэта ўспрымаеце?

М: Я не лічу гэта чымсьці дрэнным. Калі жанчыне дораць кветкі — гэта нармальна. Чаму я павінна адмаўляцца ад шакаладу? Безумоўна, я заўжды прапаную пацыенту забраць назад тое, што ён прынёс. Але не спрабую з імі сварыцца: яны не разумеюць, што такім чынам могуць доктара падставіць. Кажуць: «Ніхто ж не даведаецца». А калі чалавек мне дадому прынясе бутэльку віна, гэта таксама незаконна? У пачатку маёй практыкі быў выпадак, калі я адмовілася браць цукеркі. Дык жанчына мяне дачакалася, калі я сыходзіла з працы. Як правіла, людзі пакідаюць свой пакецік пасля агляду. Але тут хутчэй «закід» на наступны раз.

«НН»: Калі вучыліся ў медыцынскім універсітэце, Вас папярэджвалі неяк пра хабар, пра крымінальную адказнасць?

М: Так, былі размовы. Але тады, як зрэшты і цяпер, гэта не ўспрымаецца як нейкае злачынства.

«НН»: Не баіцеся, што могуць і пасадзіць?

М: Не задумваюся пра гэта.

***

<>Што кажа закон

Згодна з Крымінальным кодэксам, незаконнай узнагародай лічыцца атрыманне маёмасці альбо іншай выгады маёмаснага характару работнікам дзяржаўнага органа альбо іншай дзяржустановы за выкананую працу, якая ўваходзіць у кола яго службовых абавязкаў, акрамя прадугледжанай заканадаўствам РБ аплаты (арт. 433). Караецца ад пазбаўлення права займаць пэўныя пасады і займацца пэўнай дзейнасцю да 3 гадоў пазбаўлення свабоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?