Новы пасол Венгрыі ў Беларусі Вільмаш Сіклавары прыедзе ў Мінск у верасні.
Пра гэта ў інтэрв’ю «Народнай волі» паведаміў ранейшы кіраўнік венгерскай дыпмісіі Феранц Контра напярэдадні свайго ад’езду з Беларусі.

Феранц Контра адправіўся на радзіму 22 чэрвеня ў сувязі з заканчэннем тэрміну сваёй місіі ў Беларусі. Ён прыехаў у Беларусь у маі 2008 года. 3 чэрвеня таго ж года ў Мінску пачало працаваць пасольства Венгрыі.

Свайго пераемніка Контра назваў «дасведчаным дыпламатам».
«Вільмаш Сіклавары тры камандзіроўкі адслужыў у Балгарыі, быў генеральным консулам ва Украіне, у горадзе Ужгарад. Думаю, яго вопыт працы ў постсацыялістычнай Балгарыі і постсавецкай Украіне будзе досыць карысным для знаходжання ў Беларусі», — мяркуе былы кіраўнік дыпмісіі.

Ён таксама паведаміў, што сустракаўся з Сіклавары мінулай вясной, калі «ў сакавіку-красавіку, з-за чарговага скандалу ў Мінску я, як і ўсе паслы краін ЕС, быў вымушаны знаходзіцца дома».

«Мы абмеркавалі асаблівасці працы ў Беларусі. Я стараўся даць яму зразумець, што Беларусь — гэта незвычайнае месца для дыпламатаў, дзе ёсць свае складанасці, з якімі новым дыпламатам трэба лічыцца.

Напрыклад, няма ўмоў для нармальнай дыпламатычнай працы ў тым плане, што беларускія ўлады не ідуць на кантакт, запрашэнні на ўдзел у дыпламатычным прыёме часта не прымаюць, калі пасол папросіць пра магчымасць сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі, могуць адмовіць. У іншых краінах гэта не зусім так», — расказаў былы кіраўнік венгерскай дыпмісіі.
«За апошнія дзесяць гадоў у Беларусі зламалі кар’еру не аднаму дыпламату.
На іх мэтанакіравана збіраўся кампрамат, які потым быў паказаны па тэлевізары, выкладзены ў інтэрнэт. Дыпламаты былі адкліканыя, выгнаныя з працы. Лёсы людзям ламалі толькі таму, што беларускім уладам не падабалася палітыка іх краіны і ім хацелі адпомсціць. У рэдкіх краінах падобнае практыкуецца», — сказаў Феранц Контра.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?