У Асіповіцкім раёне (Магілёўская вобласць) трапіў пад цягнік, пасля чаго сканаў ад траўмаў жыхар Бабруйска.

Як паведамілі ва ўпраўленні ўнутраных спраў на транспарце МУС, 25 чэрвеня ў Асіповіцкі аддзел транспартнай міліцыі па тэлефоне ад дзяжурнай па станцыі Мірадзіна паступіла інфармацыя аб тым, што ў 23.37 на 377-м кіламетры перагона Татарка — Мірадзіна паблізу вёскі Татарка Асіповіцкага раёна цягніком траўмаваны 34-гадовы непрацуючы мужчына. Працаўніца чыгункі атрымала гэтыя звесткі па радыёсувязі ад машыніста грузавога цягніка Асіповічы-Калінкавічы.

Лакаматыўная брыгада падчас язды заўважыла чалавека, які ляжаў у суседняй каляіне.

За 100 метраў ад чыгуначнага пераезду супрацоўнікі міліцыі выявілі мужчыну з прыкметамі чыгуначнага траўмавання, які ляжаў у каляіне. Пацярпелы быў дастаўлены ў шпіталь з дыягназам «ампутацыя верхняй траціны левага сцягна, ніжняй траціны правай галёнкі, шырокія раны брушнай сценкі, паяснічнай вобласці, аскольчаты пералом чэрапа, ірваныя раны галавы, аскольчаты пералом таза». Нягледзячы на рэанімаванне, 26 чэрвеня ў 1.45 ад атрыманых цялесных пашкоджанняў пацыент памёр.

Па словах відавочцаў, да трагедыі мужчына ў лесе збіраў грыбы. Затым яго бачылі на тэрыторыі станцыі ў стане алкагольнага ап’янення.
Па дадзеным факце працягваецца праверка, высвятляюцца абставіны трагедыі, у тым ліку якім цягніком быў збіты пешаход. Вядома, што загінулы раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнне, прадугледжанае арт. 17,3 КаАП (распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў або піва ў грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап’янення).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?