«Увядзенне і магчымае пашырэнне еўрапейскіх санкцый у дачыненні да беларускага бізнэсу робіць расейскія кампаніі практычна эксклюзіўнымі ўдзельнікамі прыватызацыі ў нашай краіне, — заявіў у „Нашай думцы“ эканаміст Павел Данэйка. —
Такім чынам, адзіным рэальным прэтэндэнтам на ўдзел у беларускай прыватызацыі застаецца расійскі бізнэс».
Такая пазіцыя эканаміста ўжо выклікала крытыку з асяродку Хартыі-97.
Хартысты, як і былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч выступаюць за эканамічную ізаляцыю лукашэнкаўцаў. Але нават і менш радыкальныя колы мяркуюць, што «лепш палавіністыя санкцыі, чым ніякіх». Праваабаронцы, напрыклад, баяцца, што парушэнні правоў чалавека ў краіне могуць набыць катастрафічны характар, калі Захад перастане на гэта зважаць. Між тым Данэйка выступае супраць якіх бы ні было абмежавальных захадаў. Ягоная аргументацыя — эканамічная. Беларусі патрэбна інтэграцыя ў еўрапейскую эканоміку, мяркуе ён.
«Усе вялікія палітычныя кампаніі ў Беларусі суправаджаліся жорсткай крытыкай з боку Захаду, — нагадвае Данэйка.
— За крытыкай вынікалі спробы ўздзейнічаць на беларускае кіраўніцтва — як правіла, гаворка ішла аб кропкавых санкцыях у дачыненні да прадстаўнікоў дзяржапарату. Эканамічныя меры ўздзеяння ўжываліся толькі ЗША, для якіх Беларусь не з’яўляецца ні суседам, ні важным партнёрам. Еўрапейскія ж краіны аж да апошняга часу не разглядалі ўсур’ёз магчымасць увядзення эканамічных санкцый. Аднак у сакавіку гэтага года пад еўрапейскія абмежавальныя меры трапілі прадстаўнікі беларускага бізнэсу», — піша Данэйка.
На думку Данэйкі, санкцыям паспрыяў продаж «Газпраму» беларускага газатранспартнага прадпрыемства «Белтрансгаз».
«Калі раней краіны ЕС не ішлі на абвастрэнне адносін з Мінскам шмат у чым таму, што асцерагаліся праблем з пастаўкамі газу, то зараз пытанне бесперабойных паставак залежыць ад Расеі, а значыць, Еўропа лічыцца ў першую чаргу з яе інтарэсамі». Дадамо, што Еўрасаюз з трывогай ставіцца да кожнага аслаблення беларускай самастойнасці.
«У сувязі з гэтым узнікае пытанне, хто возьме ўдзел у беларускай прыватызацыі. — працягвае Данэйка. —
Прыход амерыканскіх і еўрапейскіх кампаній у якасці магчымых купцоў актываў у нашу краіну немагчымы пасля падзеяў 19 снежня 2010 года. Еўрапейскія кампаніі зацікаўлены ў магчымасці набыцця ўласнасці ў Беларусі. Аднак увядзенне санкцый ЕС у дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў робіць малареальным прыход у нашу краіну еўрапейскіх інвестараў — а значыць і іх сучасных тэхналогій», — указвае ён.
У кітайскія і арабскія інвестыцыі Данэйка не верыць.
«Кітайскія прадпрымальнікі інвестуюць жывыя грошы толькі ў прыродныя рэсурсы. З гэтага пункту гледжання іх можа зацікавіць хіба што прадпрыемства „Беларуськалій“, ад прыватызацыі якога ў агляднай будучыні лепш было б устрымацца. Па іншых праектах мы можам чакаць ад Кітая толькі звязаных крэдытаў, якія маюць на ўвазе ўкладанне сродкаў не столькі ў беларускую эканоміку, колькі ў пастаўляюцца сюды кітайскія тавары, абсталяванне і працоўную сілу. Магчымасці прыцягнення інвестараў з арабскіх дзяржаў таксама з’яўляюцца абмежаванымі, бо яны, як правіла, укладваюць капітал у нерухомасць і гатэльны бізнэс і вельмі рэдка — у іншыя праекты».

У такой сітуацыі ў краіну будзе ісці толькі расійскі капітал, лічыць Данэйка.

«З’яўленне ў такой сітуацыі спісу „кашалькоў рэжыму“, гэта значыць прадпрыемстваў, на якія распаўсюджваецца альбо можа распаўсюдзіцца дзеянне еўрапейскіх санкцый, стала ударам па перспектывам ўдзелу беларускага бізнэсу ў прыватызацыі.
Сярод „кашалькоў рэжыму“ апынуліся ўладальнікі такіх паспяховых кампаній як „Санта-Імпэкс“, „Амкадор“ і „Савушкаў прадукт“. Гэтыя і іншыя бізнэсы, якія трапілі ў чорны спіс, працуюць на канкурэнтных рынках, стварылі моцныя брэнды на постсавецкай прасторы і працоўныя месцы ў Беларусі. Яны не проста паспяхова займаюцца бізнэсам, але і актыўна ўдзельнічаюць у прыватызацыі. Унясенне ў чорны спіс пазбаўляе іх магчымасцяў доступу да танных еўрапейскіх крэдытаў і такім чынам павялічвае бар’еры на шляху ўдзелу ў прыватызацыі».
«Я не супраць расейскага бізнэсу, я — за канкурэнцыю, — засцерагае Данэйка, які сам доўга працаваў у Маскве і мае там бізнэс-інтарэсы.
— Прыватызацыя, у якой удзельнічаюць толькі буйныя кампаніі з Расіі, фактычна азначае адсутнасць канкурэнцыі, вынікам чаго можа стаць цэлы шэраг сур’ёзных праблем. Па-першае, магчымасць безальтэрнатыўнага продажу аўтаматычна зніжае кошт беларускіх актываў. Па-другое, у адсутнасць канкурэнцыі немагчыма абраць на конкурснай аснове найбольш эфектыўнага ўласніка, які прынясе не толькі добрыя грошы, але і новыя тэхналогіі вытворчасці і кіравання. Таму з эканамічнага пункту гледжання можна гаварыць аб тым, што еўрапейскія эканамічныя санкцыі супярэчаць нацыянальным інтарэсам Беларусі і яе еўрапейскай будучыні».
Павел Данэйка быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання ад апазіцыі.
Ён належыць да Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У канцы 1990-х ён стаў адным з творцаў «Новай хвалі» палітыкаў, якія арганізавалі Маршы свабоды. Іншы палітык з той хвалі, Мікалай Статкевіч, цяпер у турме. Зміцер Бандарэнка толькі-толькі з турмы выйшаў. Праз турмы прайшоў і Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вінцук Вячорка адышоў з палітыкі пярэдняга плана. А сам Данэйка палітыкай не займаецца ад пачатку 2000-х.
Пасля кароткага перыяду эміграцыі ў Расію і Украіну — пагражалі рэпрэсіі за Марш Свабоды — Данэйка засяродзіўся на эканамічных даследаваннях і бізнэсе.
Яму належала задума стварэння Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.
Цяпер ён узначальвае Беларускі эканамічны даследча-адукацыйны цэнтр (BEROC). І кансультуе некаторыя беларускія прадпрыемствы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?