Кіно на выходныя

«Doom».

ЗША—Чэхія, 2005, 100 хв.

Жанр: фантастычны баявік жахаў паводле аднайменнай кампутарнай гульні.

Адзнака: 3 (з 10).

Стралялка «Doom» даўно стала культавай, нарадзіла плойму фанаў і цяпер вядомая нават людзям, далёкім ад кампутарных гульняў. Блуканьні па змрочных калідорах, пачвары, зброя, кроў, страляніна…

Фільм — ня першая экранізацыя гульняў. Аднак чуткі, рэклямны ролік, мільёны заўзятараў і асобныя кадры толькі падагравалі атмасфэру. Дзеля прэм’еры «Doom’у» ўбок адсунулі нават Дж.Рамэра зь «Зямлёю мёртвых» — але стужка Анджэя Бартковяка высокага рангу не апраўдала, хоць яе нельга лічыць правальнаю.

…2026 год. Зь лябараторыі на Марсе атрыманы сыгнал трывогі. Каманда марскіх пэхацінцаў адпраўляецца на Чырвоную плянэту, дзе сутыкаецца з арміяй пачвараў у цёмных калідорах.

Псыхалягічныя матывіроўкі ніколі не былі моцным бокам экранізаваных гульняў, але гэтага тут не патрабуецца. Ёсьць станоўчы «гуманны» герой (Карл Урбан), ёсьць камандзір марпэхаў (Дуэйн «Скала» Джонсан), які зьвярэе (ва ўсіх сэнсах) — і патрабуе забіваць жанчын і дзяцей, і ёсьць пачвары (былыя навукоўцы), якія кусаюцца й кідаюцца. Дзесьці пад нагамі блытаецца сястра героя (па сумяшчальніцтве генэтык), але маска яе незапамінальная.

Большая частка карціны — нудныя блуканьні й вялая стралянінка ў знаёма-кашмарных калідорах. Стваральнікі карціны яўна расьцягвалі час на поўны мэтраж, але на апошнія 15 хвілін прызапасілі-такі энэргічныя бойкі й «doom’аўскую» калатнечу. Зубастае страшыдла-інвалід, зяпа, пачвара за паваротам, кроў, зброя ў руках — і позірк ад першай асобы.

Паводле легенды, фан «Doom’у» аднойчы памёр — і трапіў пекла. Хутка адтуль выляцеў Люцыпар з крыкам: «Ратуйце! Гэта ж апраметная, а ня «Doom-4»!»

Карціна ня стане пеклам для заўзятараў гульні, астатнія пагодзяцца зь Люцыпарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?