На арганізацыю і правядзенне XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які пройдзе з 12 па 18 ліпеня, выдзелена 30 млрд. беларускіх рублёў.
Пра гэта 28 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

Паводле яго слоў, фінансаванне фестывалю ажыццяўляецца з розных крыніц, у тым ліку за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, бюджэту Міністэрства культуры Беларусі, рэзервовага фонду прэзідэнта Беларусі, спонсарскіх сродкаў. За бюджэтныя сродкі аплачваецца прыкладна палова расходаў на арганізацыю фестывалю.

Як паведаміў журналістам кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец, прыблізна адна пятая частка сумы паступае з бюджэту Саюзнай дзяржавы.
Сёлета СД выдзеліла на фестываль прыкладна 25 млн. расійскіх рублёў, прычым 9,3 млн. рублёў паступіла з расійскага бюджэту, а яшчэ 15,6 млн. — з беларускага, сказаў ён.

Паводле слоў Забалотца, у 1998–2011 гадах на правядзенне «Славянскага базару» з бюджэту СД было выдзелена амаль 305 млн. расійскіх рублёў.

Пры гэтым, як адзначыў Уладзімір Карачэўскі, арганізатары стараюцца рабіць фестываль «максімальна акупным».

Паводле інфармацыі намесніка міністра, на фестывальныя канцэрты прададзена 87% білетаў, а на гала-канцэрт 12 ліпеня білеты скончыліся яшчэ два тыдні таму. Карачэўскі адзначыў, што сёлета білеты добра прадаюцца праз інтэрнэт. Акрамя таго, паездкі на «Славянскі базар» актыўна арганізуюць турагенцтвы, таму на віцебскі фестываль сёлета прыедуць вялікія групы турыстаў з розных гарадоў і краін, падкрэсліў Карачэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?