У нядзелю 25 сакавіка кіраўнікі эўрапейскіх краінаў гучна адзначылі пяцідзесятыя ўгодкі Рымскіх дамоваў аб інтэграцыі ў эканамічнай і атамнай сфэры. Гэтая падзея лічыцца сымбалічным пачаткам стварэньня ЭС. Прыклад эўрапейскай інтэграцыі паказвае, як нібыта абстрактная ідэя‑мара дасягаецца канкрэтнымі і вельмі прагматычнымі сродкамі. Што з гэтага вынікае для беларусаў і іх дачыненьняў з ЭС?

Прагматычная гісторыя ЭС

Сёньня гісторыя Эўрасаюзу ўжо загнаная ў ідэалягічныя рамкі дый выкладаецца як аб’ектыўны і амаль непазьбежны працэс гістарычнага разьвіцьця. Ідэя аб’яднаньня Эўропы ангажаванымі дасьледнікамі вычытваецца ў самых розных тэкстах, пачынаючы з XIV ст. Пасьля, маўляў, змучаныя вайной эўрапейцы стварылі ў 1951 г. Аб’яднаньне вугалю і сталі, а ў 1957 г. — эканамічную і атамную супольнасьці. І пачаўся працэс аднаўленьня эўрапейскага адзінства, вянцом якога ёсьць Эўразьвяз. Так збылася адвечная мара эўрапейскіх народаў аб супольным жыцьці…

Гэта — вельмі тэндэнцыйная візія гісторыі Зьвязу, бо яна хавае за сабой рэальныя абрысы пад дагматыкай. Між тым, рэальная гісторыя ЭЗ ня мае патрэбы ў яе прыхоўваньні, бо збудаваная на звычайных чалавечых памкненьнях да выгоды. Эўрапейская праўда годная паказу, бо што можа быць цікавей за ўвасобленую ўтопію, якая ня стала антыўтопіяй. Прынамсі, пакуль. Утопія, бо ЭЗ не аднаўляе, а ўпершыню стварае кантынэнтальнае адзінства.

Эўрапейскага адзінства ніколі не існавала. Многія краіны Эўропы колькі разоў былі загнаныя за краты гіганцкіх імпэрыяў — пачынаючы ад Карла Вялікага да Гітлера і Сталіна, але якое ж тут адзінства? Астатні час усе існавалі паасобку. Вычытаць у сачыненьнях візіянэраў мінулых стагодзьдзяў можна ўсё што заўгодна, але пытаньне, ці імі кіраваліся (ці хоць бы ведалі пра іх) рэальныя дзеячы эўрапейскай інтэграцыі. Да таго ж, пляны эўрапейскага аб’яднаньня мінулых стагодзьдзяў наўрад ці магчыма ўсур’ёз разглядаць у палітычнай сытуацыі ХХ ст.

Эўрапейская інтэграцыя была справай прагматычнай, чысьцейшая Realpolitik. Змучаныя вайной эўрапейцы былі ня толькі ў 1945‑м, але і ў 1918‑м. Чаму ж тады інтэграцыя (дакумэнтальна пацьверджаная, а не рамантычныя мары маргінальных філёзафаў) пачалася толькі пасьля ІІ усясьветнай? Бо такі працэс, як усёахопная інтэграцыя кантынэнту, ёсьць занадта цяжкім дзеля яго ажыцьцяўленьня плянава, як абстрактнага праекту. Абстрактны праект фактычна ўтапічнага характару трэба рабіць праз канкрэтныя малыя палітычныя крокі, заснаваныя на прагматычным разьліку. Гэта будзе больш прыземлена і не гарантуе ўрэшце дасягненьня самой першапачатковай мары, але іншага шляху няма.

Пачалася інтэграцыя Эўропы са стварэньня аб’яднаньня вугалю і сталі, пры дапамозе якога Францыя гарантавала сабе бясьпеку ад новага ўздыму Нямеччыны шляхам кантролю над важнымі для тагачаснае вайсковае магутнасьці любое дзяржавы рэсурсамі — вугалем і стальлю. Нямецкі ўрад жа імкнуўся вярнуць сваю дыскрэдытаваную краіну ў супольнасьць нацыяў праз удзел у міжнародных структурах, бо тады немцы выклікалі ў большасьці дэмакратычнага сьвету такія самыя адчуваньні, як сёньня мусульмане.

Справа пайшла пасьпяхова, і гэта дазволіла згаданай структуры ўрэшце стаць адным са складнікаў аб’яднанай Эўропы. Але стваралася аб’яднаньне вугалю і сталі для згаданых, куды менш высакародных мэтаў, і нічога на той момант не было прадвызначана.

Наступныя структуры ў будынку Саюзу былі створаныя таксама дзеля іншых мэтаў і толькі празь дзесяцігодзьдзі ўключаныя ў новы праект «Саюзу». Гэта — эканамічная і атамная супольнасьці, чыё заснаваньне сьвяткавалася ў нядзелю. Прымаць лінейную схему разьвіцьця ЭС з 1951 да 2007 г. — тое самае, што верыць у кансьпіралёгію і змову таямнічых «эўраінтэгратараў», якія паводле нейкага пляну будуюць Эўропу. Паводле пляну яно, можа, і хутчэй было б, але, на жаль, пры кіраваньні чалавечым грамадзтвам сутыкаесься з такой колькасьцю пераменных чыньнікаў, што трацяць сэнс любыя буйныя пляны. Бо чым скончыцца ўрэшце палітычны крок — звычайна невядома.

Зазначым таксама, што эўрапейскае аб’яднаньне магло б мець і зусім іншыя абрысы, бо, скажам, побач з Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю існавалі канкурэнтныя праекты, а менавіта Эўрапейскай асацыяцыі вольнага гандлю, заснаванай Вялікай Брытаніяй, Даніяй, Нарвэгіяй, Швайцарыяй, Аўстрыяй, Партугаліяй, Швэцыяй. Многія праекты эўрапейскай інтэграцыі аказаліся тупіковымі — пачынаючы з Палітычнай супольнасьці і заканчваючы Канстытуцыяй. Урэшце ацалелыя тры структуры — Аб’яднаньне вугалю і сталі, Эканамічная і Атамная супольнасьці і аказаліся асновай больш згуртаванай канструкцыі Зьвязу, які існуе ў больш ці менш сучасным выглядзе толькі з паловы 1990‑х.

З гэтага вынікае, што, па‑першае, буйнамаштабная інтэграцыя — гэта працэс дастаткова выпадковы, калі, вядома, не ажыцьцяўляць яго савецкімі каманднымі мэтадамі СЭВу. Па‑другое, буйнамаштабная інтэграцыя — шлях спробаў і памылак ды ажыцьцяўленьня канкрэтных праектаў, мэты якіх — не прывідная ідэя пабудовы квітнеючай Эўропы ад Лісабону да Менску, а канкрэтныя праекты — да прыкладу, аптымізацыі сельскагаспадарчых рынкаў ці наладжваньня дарог.

Пра тое трапна сказаў колішні францускі міністар замежных спраў Юбэр Вэдрын пасьля паразы з Канстытуцыйнай дамовай: «Мы павінны вярнуцца да Эўропы вялікіх праектаў: праектаў у галіне інфраструктуры, адукацыйных, навуковых, прамысловых, сацыяльных, культурных, экалягічных, дыпляматычных праектаў. Дакладных праектаў, з графікамі выкананьня. Сутыкнуўшыся з гэтым, ніхто не паддасца спакусе прагаласаваць супраць».

Наш інтарэс у Эўрасаюзе

Кожная краіна ішла ў Саюз, шукаючы свае інтарэсы. Вядома, інтарэсы дзяржавы вельмі шматлікія і разнастайныя, а таму дзеля іх вызначэньня неабходная дыскусія на ўсіх узроўнях, але яны павінны быць канкрэтна вызначаныя. Напрыклад, адным з інтарэсаў Вялікае Брытаніі ў Саюзе было кампэнсаваньне згубленых эканамічных магчымасьцяў у ейных колішніх калёніях.

Нам таксама, калі ўжо паўстала пытаньне інтэграцыі ў Эўразьвяз, трэба шукаць свае канкрэтныя інтарэсы. Пачаць з простага пытаньня — інтэграцыя дзеля чаго? Прыкладам, аўтары кнігі «Беларусь: сцэнары рэформаў» пішуць пра пэрспэктывы, перадумовы і гісторыю дачыненьняў Беларусі і эўраінтэграцыйных праектаў. Але забываюцца на абгрунтаваньне самой ідэі эўраінтэграцыі для Беларусі! А гэта тэарэма, а не аксіёма.

На жаль, такое безразважнае стаўленьне да ідэі эўрапейскага аб’яднаньня даводзіцца назіраць сярод многіх актывістаў апазыцыі. І гэта глыбокая памылка. Нельга прапагандаваць ідэю эўрапейскай інтэграцыі, не разумеючы яе значэньня для Беларусі і ня могучы яе абгрунтаваць. Гэта відаць ужо па вельмі дзяржаўніцкім падыходзе многіх дэмакратаў да палітыкі. Ён пярэчыць ідэалам эўраінтэграцыі. Вядома, нацыянальная дзяржава ў яе ўсходнеэўрапейскім разуменьні — гэта канчатковы вынік эвалюцыі інстытуту дзяржавы, яна кантралюе ўсіх і вызначае ўсё. Але ў рамках ЭЗ зьмяніўся погляд на нацыянальную дзяржаву, зрэшты, як і ўва ўсім заходнім сьвеце, дзе ўрадавыя агенцыі разглядаюцца як установы па аказаньні паслугаў грамадзянам, а не інструмэнты манапольнага гвалту на пэўнай тэрыторыі. Беларускія дэмакраты мусяць зразумець гэта альбо яны проста не патрапяць праводзіць эфэктыўную і разумную палітыку.

Гэта важна і таму, што, як піша International Herald Tribune, сёньня ўзьнікла пытаньне аб суаднесенасьці інтарэсаў пашыранага Зьвязу інтарэсам усіх чальцоў. «Да пачатку 1990‑х г. мы ўважалі, што нацыянальныя і эўрапейскія інтарэсы ёсьць сынанімічнымі і ідэнтычнымі паміж сабой. Сёньня існуе відавочная апазыцыя гэтаму меркаваньню». Сапраўды, сёньняшні праект аб’яднанай Эўропы настолькі адрозьніваецца ад праектаў 50‑х, 60‑х і нават 90‑х г., што яго трэба лічыць чымсьці зусім іншым, ужо хоць бы дзеля разнастайнасьці ягоных ўдзельнікаў. І трэба зразумець, што ўсё‑ткі беларусам нельга забывацца на свае інтарэсы, спадзеючыся, што ўсё за нас вырашыць Брусэль.

Брусэль толькі каардынуе гэты праект супольнае Эўропы, але праект супрацы прадугледжвае выказваньне ягонымі ўдзельнікамі сваіх зацікаўленьняў, інтарэсаў і прэтэнзіяў. Пасьля яны даходзяць згоды і працуюць. Аднак сьпярша трэба выказацца. І тут зноў няма пэўнасьці, што беларусы здолелі б выказаць свае інтарэсы, калі б яны (уявім сабе) там ужо былі. Бо калі паглядзець на камэнтары ў беларускіх СМІ з нагоды непрыняцьця Канстытуцыйнай дамовы ЭЗ, дык складваецца ўражаньне, што разуменьне нашых інтарэсаў у ЭЗ у беларускай супольнасьці, так ці інакш далучанай да палітыкі, пакуль адсутнічае. Чуваць было толькі шкадаваньне па Канстытуцыі. І ніякай рэфлексіі.

Гэта небясьпечна. Бо, напрыклад, канстытуцыйныя інавацыі насамрэч давалі эўрапейскай чацьверцы — Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыне і Італіі — магчымасьць дамінаваць пры прыняцьці рашэньняў. А гэта, у прыватнасьці, азначала б, што замежная палітыка Зьвязу будзе скіраваная перадусім на Міжземнамор’е, якім цікавяцца Францыя ды Італія. Нямеччына ж зноў магла б ігнараваць Усходнюю Эўропу, абы дагадзіць маскоўскім сябрам. Усходняя Эўропа — у пройгрышы.

Фактычна, гэта небясьпечна ня толькі для беларусаў ці ўсходнеэўрапейцаў. Гэта небясьпечна для самога Зьвязу, які тым самым перастаў бы быць праектам супрацы, а пачаў бы працаваць у прыватных інтарэсах. Таму нам варта зважаць на такія моманты.

Каб Эўразьвяз нас не расчараваў, нам трэба чынна ўдзельнічаць у ім як партнэрам, а не чакаць гатовых рашэньняў і датацыяў. Гэта — першачарговая задача беларускага палітычнага кіраўніцтва цяпер і ў будучыні. Зноў жа не абыйдзесься абстрактнымі мэтамі «вяртаньня ў Эўропу», бо толькі канкрэтныя крокі і праекты дадуць плён. Як лёзунг для натоўпу яно, вядома, прыдасца, але палітычная стратэгія складаецца ня зь лёзунгаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?