Адзін з чытачоў патэлефанаваў нам і апавёў: маўляў, праяжджаў паўз Крэва, і такое там занядбаньне! Сем будынкаў на цэнтральнай вуліцы не выкарыстоўваюцца і разбураюцца. Проста ў цэнтры разьбіраюць пабудову, у якой раней была аптэка. Хто разьбірае, незразумела, але народ цягне ўсё, што ўхопіць. У гаспадарцы прыдадуцца і цэгла, і рамы, і дошкі.

У пятніцу вечарам мы прыехалі ў Крэва. Насамрэч, нудлівая карціна. На галоўнай вуліцы, ля аўтобуснага прыпынку, ужо разабралі колішнюю аптэку, засталася купа сьмецьця. Паблізу — аблезлая, зачыненая на замок былая кнігарня, аблупленая сталовая з патрушчанымі прыступкамі ды павыбіванымі шыбамі, яшчэ нейкія аварыйнага выгляду будынкі, якія, як згадваюць месьцічы, служылі нарыхтоўчым пунктам, крамамі.

У Крэўскім сельсавеце расказалі, што большасьць будынкаў належыць райспажыўсаюзу. Яны праблемныя. Засталіся фактычна толькі сьцены, дахі цякуць, а ахвотных гэтым усім займацца няма. Калярытна глядзяцца нязграбныя «аварыйкі» савецкага пасёлку на тле велічных руінаў Крэўскага замку.

Спрабавалі адзінай тут прыватніцы‑бізнэсоўчысе прапанаваць былую сталовую, але жанчына не пагадзілася. Вырашыла будаваць сама кавярню й краму. І ёй пастараліся дапамагчы, вылучылі месца ў цэнтры — трэба ж карміць патэнцыйных турыстаў. У мясцовым кафэтэрыі ад прадуктовай крамы не наясіся. Мяркуючы па пустым прылаўку кафэтэрыя, ніхто і не спрабуе.

Дарэчы, апошні будынак, які перастаў функцыянаваць — сталовая. Працавала, згадваюць месьцічы, да пазалеташняга году. Хадзілі туды з калгасу. Але пасьля стала для вяскоўцаў дорага там харчавацца.

Валянціна Іванаўна, сакратарка сельсавету, падзялілася чаканьнямі:

— У 2008‑2009‑м плянуюць аграгарадок, мо, гэта дасьць штуршок да разьвіцьця мястэчка. 10 хацінак ужо пабудаваў СВК… А гэтыя будынкі спусьцелыя, бадай, пойдуць пад знос. Каб выгляд не псавалі…

Мы зьехалі з Крэва ля апоўдня. У Смаргонскім райвыканкаме, у чыім падпарадкаваньні мястэчка, начальства не знайшлі. . А ўжо днём у Крэве зьявіліся спэцыялісты райспажыўсаюзу. Агледзелі будынкі.

Расказвае другая сакратарка сельсавету, Алена Міхайлаўна:

— Райспажыўсаюз пачаў прыводзіць свае будынкі ў парадак, шыбы фарбаваць. У панядзелак ужо пачалі прыводзіць у парадак сталовую, нарыхтоўчы пункт.

— А навошта?

— Відаць, даражэй іх зносіць, чым падтрымаць парадак. Шэсьць засталося такіх будынкаў. А аптэку разабрала МНС.

АФІЦЫЙНА

У пятніцу ж мы спрабавалі сустрэцца з намесьнікам Смаргонскага райвыканкаму па будаўніцтве Віктарам Легіным. Марна праседзелі ў прыёмнай — на працоўным месцы не зьявіўся. Саслужыўцы падзяліліся мабільным тэлефонам чыноўніка, але і мабільнік намесьнік па будаўніцтве ня браў. Ператэлефанавалі ў аўторак. На пытаньне пра лёс будынкаў у Крэве Легін раптам адрэагаваў агрэсіўна:

— А вам‑та якая справа?

Маўляў, ня ведаю, з «Камсамолкі» вы тэлефануеце ці так цікавіцеся. Карацей. размова не атрымалася. Болей чыноўнік слухаўку ня браў.

Даведка КП

У Крэве жыве 690 чалавек. Тут функцыянуе касьцёл, царква, сярэдняя школа, больніца, СВК. На мястэчка — адна дзяржаўная прадуктовая, адна прамтаварная крама. Дзьве невялічкія прыватныя. Побытавыя паслугі ў Крэве прадстаўленыя рамонтам абутку і адзеньня, цырульняй і вырабам рытуальных прыладаў.

Асноўная адметнасьць мястэчка — руіны Крэўскага замку. Дарэчы, дагэтуль не пачатая кансэрвацыя гэтага славутага помніка архітэктуры.

Натальля Шарай, «Комсомольская правда» в Белоруссии»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0