Межавыя рознічныя цэны на звадкаваны газ пры рэалізацыі на аўтамабільных газазаправачных станцыях 30 чэрвеня павялічваюцца на 11%. На гэтулькі ж павялічваюцца і адпускныя цэны на газ вуглевадародны звадкаваны паліўны для аўтамабільнага транспарту.

Акрамя таго, на 10% павялічваюцца адпускныя цэны арганізацый-вытворцаў на газ вуглевадародны звадкаваны для камунальна-бытавога спажывання.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі, гэта прадугледжана пастановамі ведамства № № 51 і 52 ад 13 чэрвеня.

«Цяпер дзейныя адпускныя цэны на газ звадкаваны не забяспечваюць рэнтабельную працу арганізацый-вытворцаў, якія выпрацоўваюць іх для камунальна-бытавога спажывання і для аўтамабільнага транспарту», — пракаментавалі ў прэс-службе.

Там адзначылі, што павышэнне сёлета рознічных цэн на нафтапрадукты змянілі суадносіны паміж рознічнымі цэнамі на аўтабензіны і звадкаваныя газы, што выкарыстоўваюцца для запраўкі аўтатранспарту. «З мэтай забеспячэння павышэння эфектыўнасці фінансава-эканамічнай дзейнасці нафтаперапрацоўчых арганізацый пры рэалізацыі звадкаваных газаў на ўнутраным рынку, выключэння наяўнага дыспарытэту цэн на нафтапрадукты для запраўкі аўтатранспарту Міністэрствам эканомікі і было прынята рашэнне аб павелічэнні цэн», — растлумачыў супрацоўнік міністэрства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?