Пра рэпартаж БТ, палітыкаў, амон і тых, дзякуючы каму Дзень Волі застаецца галоўным сьвятам, піша Віталь Тарас.

Перасоўваньне

У гэты дзень над горадам можна было бачыць расьцяжкі з заклікам прыйсьці на акцыю «За незалежную Беларусь». Радыё і тэлебачаньне ў выпусках навінаў называлі гэты дзень сьвяточным і ад самай раніцы заклікалі наведаць канцэрты ды іншыя мерапрыемствы з нагоды сьвята. З праграмы «Панарама тыдня» можна было даведацца таксама, што купка апазыцыянэраў, як заўсёды, спрабавала сапсаваць сьвяточны настрой грамадзянаў сваімі некультурнымі паводзінамі. Яны не маглі нават вызначыцца, дзе ім зьбірацца, і органы правапарадку былі вымушаныя правесьці апазыцыянэраў да месца збору ля Акадэміі навук. Удзельнікам імпрэзы, а таксама замежным дыпляматам, якія невядома зь якой нагоды назіралі за ёй, было страшэнна сумна. Яны хутка разышліся, пакінуўшы за сабой адно толькі бруд і сьмецьце.

Якая нагода сабрала ў той дзень людзей пад бел‑чырвона‑белымі сьцягамі і што ж за сьвята адзначала публіка на канцэрце ля Нацыянальнай бібліятэкі, засталося для шырокай публікі загадкай.

Размова, зразумела, пра 25‑га Сакавіка. Ніякай іроніі тут няма. Так ці прыблізна так падзеі таго дня апісвалі дзяржаўныя СМІ. Такім чынам, улада адгукнулася на прапановы апазыцыі яднацца пад лёзунгам незалежнасьці.

Магчыма, нехта з тых, для каго Дзень Волі быў і застаецца сапраўдным сьвятам, мог угледзець пэўную іронію ў некаторых дэталях сёлетняга сьвяткаваньня.

Група дэманстрантаў на чале зь Лябедзькам і Мілінкевічам, адсечаная амонам ля Кастрычніцкай плошчы ад астатніх, доўга блукала па Менску, перш чым далучыцца да мітынгу ля Акадэміі навук. Адзін з удзельнікаў сьвята — знаёмы літаратар — назваў гэта мэтафарай. Дарэчы, даслоўна «мэтафара» перакладаецца з старажытнай грэцкай мовы як «перасоўваньне».

Тым ня менш, зьяўленьне групы маніфэстантаў на чале зь Мілінкевічам, які прайшоў пад воплескі й воклічы «Жыве Беларусь!» паўзь бел‑чырвона‑белы натоўп да мікрафонаў на прыступках пад псэўдаантычнымі калёнамі Прэзыдыюму НАН РБ, сталася сапраўднай эмацыйнай кульмінацыяй сьвята.

Яго галоўны сэнс у тым, што яно было і засталося галоўным сьвятам Беларусі. Ня дзякуючы цудоўнаму надвор’ю, пратэставым настроям (якіх цяпер, праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, амаль не адчуваецца), намаганьням апазыцыі правесьці рэзанансную палітычную акцыю, а дзякуючы людзям, якім гэта сьвята патрэбнае. Не таму, што гэтага патрабуе вастрыня палітычнага моманту. А таму, што сьвята 25 Сакавіка — такая ж натуральная і неад’емная патрэба для іх, як патрэба гаварыць на роднай мове і жыць у сваёй краіне. Для многіх гэта яшчэ і дзень сустрэч — магчымасьць убачыцца й пагаманіць са старымі сябрамі і знаёмымі, якіх з‑за бягучкі толькі й бачыш у такія дні.

Ня варта, мабыць, гаварыць шмат пра мітынг ля Акадэміі ды зьмест прамоваў, да якіх удзельнікі падобных імпрэзаў даўно прызвычаіліся. Мяняюцца хіба толькі імёны палітзьняволеных, якіх дэманстранты заклікаюць вызваліць. Вось толькі прозьвішча Казуліна, відаць, будзе гучаць на такіх мітынгах яшчэ доўга.

Зрэшты, арганізатары загадзя папярэдзілі — ніякіх штурмаў, ніякіх рэвалюцыяў, ніякіх надзвычайных мэтаў. Галоўнае сабрацца, каб паказаць сябе, паверыць у сваё існаваньне. Маніфэстую — значыць, існую.

Што да колькасьці ўдзельнікаў… Усё залежыць ад пункту погляду — можна сказаць, што шклянка напалову пустая, можна — напалову поўная.

Пераход

Тыя некалькі тысяч людзей, што рушылі праспэктам Незалежнасьці ад Кастрычніцкай плошчы да Акадэміі, нідзе не ўступілі ў канфрантацыю з амонам — ні каля цырку, ні далей. Яны цярпліва стаялі на пераходах у чаканьні зялёнага сьвятла, а ў раёне плошчы Перамогі не паленаваліся пайсьці на пераход ажно да вуліцы Румянцава (каб не спускацца пад зямлю), робячы досыць вялізны крук. Гэта прымусіла ўспомніць першы Марш на Курапаты. 19 гадоў назад, удзельнікі маршу таксама сабе зьдзіўляліся, спыняючыся на сьветлафорах, але рухаючыся няспынна да мэты, не зважаючы на міліцыю, якая недвухсэнсоўна пагражала разгонам (і ўрэшце ажыцьцявіла пагрозу). Нехта можа бачыць у гэтым законапаслухмянасьць і талеранцыю, нехта — пасіўнасьць і безыніцыятыўнасьць. А можна казаць пра спакойную, упэўненую ў сабе годнасьць нармальных людзей.

Гэта тое, што вывела іх на Плошчу летась 19 сакавіка ды ў наступны дні, што прымушала прыносіць ежу й рэчы спачатку ў намётавы лягер, а потым на Акрэсьціна. Многім тады здавалася, што ў лідэраў апазыцыі не стае рашучасьці, няма нейкага адмысловага сцэнару, каб зрабіць нейкі крок і… А што мусіла б азначаць тое «і» — ніхто ня ведаў тады. Ня ведае й цяпер.

Людзі не разумелі, што яны, застаючыся на Плошчы ці ўсяго толькі прыходзячы туды падтрымаць іншых, ужо зрабілі гэты крок. Гэтыя людзі засталіся, яны нікуды не падзеліся, не схаваліся, ня зьехалі за мяжу.

Яны прыйшлі 25‑га Сакавіка на сваё сьвята і прыйдуць яшчэ не аднойчы.

Няма падставаў сумнявацца ў асабістай мужнасьці цяперашніх лідэраў апазыцыйных партыяў і рухаў, іх здольнасьці прымаць рашэньні. Ніхто не адпрэчвае ролі палітыкаў у гісторыі.

Урэшце, менавіта дзеяньні палітыкаў (у першую чаргу, грамадоўцаў) прывялі ў свой час да ўтварэньня БНР і абвяшчэньня яе незалежнасьці.

Пад ціскам апазыцыі БНФ Вярхоўны Савет, у якім большасьць належала камуністам, абвясьціў незалежную Рэспубліку Беларусь.

Дэмакратычныя сілы змаглі аб’яднацца й вылучыць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах і тым самым прымусілі лічыцца з сабой і ўладу ў краіне, і эўрапейскіх палітыкаў.

Але варта палітыкам усё ж часам успамінаць старадаўнюю габрэйскую мудрасьць: не чалавек дзеля суботы — субота дзеля чалавека.

«Белы‑асфальт‑белы»

25‑га Сакавіка адбылося б у любое надвор’е. І нават калі б аргкамітэт абмежаваўся толькі вечарынамі ды вэрнісажамі (а так здаралася ў нядаўняй гісторыі), Дзень Волі застанецца Днём Волі — назаві яго дзяржаўным сьвятам, або нацыянальным, або апазыцыйным.

Заўсёды будуць людзі, для якіх гэты дзень будзе заставацца сьвятам.

Важна, што яны ёсьць. Можна называць гэтых людзей маргіналамі. А ўсё ж давядзецца некалі зразумець, што гэта — не г… нацыі, як казаў Ленін, але той фэрмэнт, безь якога грамадзкі арганізм даўно скамянеў бы і сканаў.

Чаму гэтага фэрмэнту не хапае, каб у грамадзтве пачалася рэакцыя брузаваньня, каб грамадзтва абудзілася — аб гэтым палітыкі павінныя запытацца, найперш, у саміх сябе.

За дванаццаць гадоў ўлады, а затым і грамадзтва пачалі паступова ўсьведамляць каштоўнасьць незалежнасьці. Некалі прыйдзе, нягледзячы на адчайны падсьвядомы супраціў, разуменьне, што дзяржаўная незалежнасьць — як вэктар памкненьняў і інтарэсаў паноўнай клясы альбо хай сабе лідэра краіны — сама па сабе яшчэ няшмат каштуе. Калі гэты панятак адарваны ад мовы, ад нацыянальных сымбаляў, ад культуры й гісторыі нацыі, ён губляе сэнс.

Улада намагаецца апошнім часам прысвоіць альбо прыдумаць наноў атрыбуты дзяржаўнасьці — у тым ліку й нацыянальныя сьвяты. Але пры гэтым яна нагадвае мітычнага цара Мідаса. Праўда, усё, да чаго яна дакранаецца, пераўтвараецца ня ў золата, але ў нешта процілеглае паводле кансыстэнцыі й колеру. Так, акцыя «За незалежную Беларусь» 25 Сакавіка, як выяўляецца на справе, была толькі пачаткам сэрыі сьвяточных канцэртаў, прымеркаваных да… 3 ліпеня.

Дарэчы, на расьцяжках у Менску было напісана не «За незалежную Беларусь», а «За независимую Беларусь».

Як толькі ўлада пачынае гаварыць, яна выдае сябе з галавой. Варта было паслухаць, як супрацоўнік міліцыі, які праз мэгафон па‑расейску папярэджваў аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу, спрабаваў паўтарыць тую самую фразу на іншай дзяржаўнай мове. Акрамя словаў «увага» і «грамадзяне», сказаць нешта чалавечае ён так і ня змог, атрымлівалася толькі: «правядзеньне мітынга запрашчано». Паміж гэтым «запрашчано» і зьбіцьцём ды арыштамі дэманстрантаў сувязь падаецца амаль відавочнай.

Але запомніцца іншае. Падчас мітынгу ля Акадэміі амонаўцы з аўтобусаў з надпісамі «Заказной», якія дзяжурылі ўвесь час на рагу вуліцы Акадэмічнай, куплялі ў шапіку мінэралку. Куплялі, стоячы ў невялічкай чарзе разам з бабулькамі, што ўдзельнічалі ў тым самым мітынгу. Людзі ў чорным стаялі спакойна, стрымана, без чаргі ня лезьлі, жмурыліся на вясновым сонцы. Амаль што ідылія.

Адна з бабулек пачала агітаваць бамбізаў у чорным: хлопцы, далучайцеся да нас — сьвята ж! Хлопцы апускалі долу вочы, некаторыя сарамліва ўсьміхаліся. У той момант яны не адчувалі варожасьці да гэтых бабулек. Здавалася, яшчэ сэкунда — і нябачная сьцяна паміж дэманстрантамі і байцамі амону счэзьне. Але гэта была ўяўнасьць. Калі б байцам далі загад, тыя пачалі б зьбіваць дручкамі ды мясіць нагамі ўсіх, хто пападзецца — бабулек, старых, дзяцей.

Але ў той момант дзяўчаты зусім побач з амонам мірна малявалі крэйдай на асфальце сьцяг. Белы‑асфальт‑белы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?