Пад дзеянне новага закона аб некамерцыйных арганізацыях (НКА), якія выконваюць функцыі замежнага агента, трапяць да тысячы арганізацый. Устаць у спецыяльны рэестр, імаверна, прыйдзецца у тым ліку асацыяцыі «Голас» і «Transparency International — Расея», лічаць у Крамлі.

Адзінаросы ўнеслі ў пятніцу на разгляд Дзярждумы законапраект, які прадугледжвае надзяленне расійскіх НКА, якія займаюцца палітычнай дзейнасцю і маюць замежныя крыніцы фінансавання, статусам НКА, якія выконваюць функцыі замежнага агента. Яны будуць унесены ў спецыяльны рэестр, і для іх будзе дзейнічаць іншы прававы рэжым, які прадугледжвае, у прыватнасці, асаблівую справаздачнасць і адмысловыя праверкі.

Пры гэтым у Крамлі падкрэсліваюць, што ў дакуменце няма ні адной забароннай нормы: НКА змогуць па-ранейшаму атрымліваць грошы з-за мяжы і займацца палітыкай, але рабіць гэта ім трэба будзе адкрыта.

«Калі арганізацыя займаецца карупцыяй, выбарнай кампаніяй, — ну, напэўна, відавочна, што гэта чыстая палітыка. І ў гэтым выпадку дадзеная арганізацыя павінна ва ўстаноўленым парадку проста ўстаць на ўлік «, — сказала крыніца ў Крамлі.

На просьбу прывесці канкрэтныя прыклады падобных арганізацый, крыніца назвала сетку незалежнага назірання «Голас».

Пад дзеянне закона могуць патрапіць і эколагі.

«Калі мы возьмем экалагічныя арганізацыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, то 30% дзейнасці экалагічных арганізацый (гэта экспертныя дадзеныя) накіраваныя непасрэдна на развядзенне трусоў або падтрымку нейкіх рэдкіх жывёл. Астатнія 70% экалогіі — гэта палітыка. Яны займаюцца прамой палітыкай», — сказала крыніца ў Крамлі.

Раней расійскія і беларускія ўлады не раз вінавацілі недзяржаўныя арганізацыі ў спробах арганізацыі каляровых рэвалюцый. У прыватнасці, у Беларусі дзясяткі грамадскіх арганізацый былі закрыты. У прыватнасці, кіраўнік праваабаронцаў з былога цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі трапіў у турму за збор сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?