(1965—2012)

Na pašparcie zołatam — VKL,

I viza ź minuŭščyny ŭ novi.

Čytajcie, zajzdroście — ja hramadzianin

Vialikaha Kniastva Lubovі.

Сяржук Вітушка

У Вялікае Княства Любові дарога
Для цябе і сяброў, як дарога да Бога,
Як дарога да роднае хаты, да маці…
Ты ідзеш па дарозе нябачнай, і шчасце
Матыльком над табою крыляе спакойна
І ад гэтага светла, ад гэтага гойна
На душы і на сэрцы тваёй талакі,
Дзе ў сяброў на пытанне жыцця: “Хто такі?”
Ёсць адказ: “Беларус! І тут наша зямля
Ёсць, была, і тут будзе заўсёды пасля!
І касцямі мы ляжам у нашу зямлю,
Для якой не крычалі: “Да скону люблю!”,
А маўкліва любілі, з нябыту ўздымалі
Беларусь, за якую сцяною стаялі
Нашы продкі на замкавых сценах і ў полі,
І не здраджвалі ёй ні за што і ніколі!”
Ты ідзеш па дарозе нябачнай, шчаслівы,
І ты рыцар, якому радзімыя нівы
Гояць раны на сэрцы, дзе ўся твая кроў
Ператворана ў Веру, Надзею, Любоў…
І ляціць матылёк над табой і ляціць,
І нікому яго не злавіць, не забіць,
Бо ён вечны, як ты, бо ты вечны, як свет,
Праз які ты ідзеш, як змагар, як паэт,
У якога нічога няма акрамя
Беларусі і продкаў імя…

3.07.2012

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?